Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

05 кастрычніка 2016

Ступаючы ў ягоныя сляды: у Мінску адсвяткавалі 85-годдзе з дня нараджэння Ніла Гілевіча

У гэты вечар у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча не тое, што яблыку ўпасці, а не было куды ўставіць іголку, нібыта паміж цаглінамі ў пірамідзе Хеопса. Некалькі сотняў чалавек шчыльна сядзелі і стаялі ў маленькай залі, па-за залай, у праходах і ў калідорах. Часам па шэрагах праходзіла глухое нараканне, што «вось ужо й няма дзе сабрацца».

Гледачы сабраліся ўшанаваць памяць народнага паэта Беларусі Ніла Сымонавіча Гілевіча, які сёлета адышоў у лепшы свет, а пры жыцці аб'ядноўваў без перабольшання тысячы чалавек, што да апошніх дзён звярталіся да паэта па дапамогу і мудрую параду.

Да юбілею пісьменніка была падрыхтаваная выстава. Рукапіс Ніла Гілевіча

Анатоль Вярцінскі

Першым выступіў сябра Гілевіча, аднакурснік і аднагодак, супольнік па філалагічным пакаленні, паэт Анатоль Вярцінскі. Ён прадэманстраваў старыя фотаздымкі Гілевіча, яшчэ студэнцкіх часоў, рукапісы ананімных бурлескных паэм, напісаных у студэнцкім інтэрнаце ў 1950-я гады. Зразумела, было і шкадаванне, якое не раз яшчэ будзе ўзнікаць у прамовах – што няма Ніла Сымонавіча сярод жывых і не дажыў ён да свайго 85-годдзя. Аднак, як падкрэсліў Анатоль Вярцінскі, працягваюць выходзіць кнігі, выйшаў новы том збора твораў, падрыхтаваны ўжо сынам паэта, Сяргеем Нілавічам. Напрыканцы свайго выступу спадар Анатоль прачытаў верш памяці Ніла Гілевіча.

Барыс Пятровіч

Пераемнасць пакаленняў: унук і сын Ніла Гілевіча 

Празаік, галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў», старшыня ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Барыс Пятровіч успомніў у сваім выступе, якім актыўным і дзейсным быў Ніл Гілевіч да канца сваіх дзён:

–Увесь час лаўлю сябе на думцы, як не хапае Ніла Сымонавіча. Не пакідае адчуванне, што ён побач, хоць яго няма ўжо некалькі месяцаў. У нас была добрая традацыя хаця б раз на месяц заходзіць да Ніла Сымонавіча, расказваць пра Саюз пісьменнікаў, прэзентаваць новыя выданні. Ён вельмі цікавіўся справамі  Саюза, ведаў, усё што адбываецца. Вакол яго заўжды былі свежыя кнігі, газеты, побач, каля канапы, стаяла радыё. З ім заўсёды цікава было гутарыць. Шчырыя адносіны ў нас наладзіліся даўно, яшчэ ў часы, калі я працаваў у «ЛіМе». На першай вечарыне «Дзеяслова» Ніл Сымонавіч сказаў, што здзейснілася яго мара – надрукавацца ў першым нумары новага часопіса. Была ўжо такая магчымасць у 1953 годзе, калі выходзіў першы нумар «Маладосці». Але якраз тады памёр Сталін, і лірычныя вершы Гілевіча знялі з вёрсткі. Тады не ўдалося, а ў 2002 годзе збылося. Успамінаюцца і нашы сумесныя паездкі на сустрэчы з чытачамі.

Аднойчы мы выехалі ў Гомель выступаць ва ўніверсітэт, але ў дарозе нам пателэфанавалі і сказалі, што сустрэча адмяняецца. З паўдарогі вырашылі не вяртацца: пад універсітэцкімі каштанамі, на вуліцы, адбылася гэтая сустрэча. З універсітэта высыпалі студэнты і акружылі паэта. Іншым разам ехалі ў Зэльву і завіталі ў Сынкавічы, у вядомую царкву-помнік. Там якраз ішла служба, калі мы зайшлі. Людзей амаль не было, але адразу падбег нейкі чалавек: «У храме нельга гаварыць па-беларуску». Я ўяўляю, як цяжка было пераносіць Нілу Сымонавічу такую непавагу да беларускай мовы і да яго самога. Цяпер нам выконваць яго запаветы, якія ён пакінуў  у вершах. Доўга нам яшчэ да Беларусі, але мы пройдзем гэты шлях.

Мікола Гіль

Сапраўды выдатным апавядальнікам паказаў сябе брат Ніла Гілевіча, вядомы літаратар Мікола Гіль, які дзесяцігоддзі свайго жыцця аддаў працы ў журналістыцы, а менавіта – у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Расповеды Міколы Гіля, якія былі адчувальна толькі фрагментамі магчымых шырокіх успамінаў, зачаравалі публіку:

«Нам, блізкім і крэўным вельмі прыемна, што вы так шчыльна запоўнілі гэтую залу, каб папрысутнічаць , а то і ўзяць удзел у вечарыне памяці асобы, шматграннай постаці, пацалаванага Богам, універсальнага літаратараперакладчыка, сатырыка, гумарыста. Не ў апошнюю чаргу, гранічна шчырага і сумленнага чалавека. Чаго, на жаль, да канца не маглі зразумець і прыняць нават некаторыя яго сябры, Бог ім суддзя. Сёння я ўсяго толькі адстаўной казы барабаншчык. Міхась Ціханавіч Лынькоў так казаў пра сябе незадоўга да смерці, калі я звярнуўся да яго з просьбай пра інтэрв'ю.  Ніл быў «нашым усім». Вядома, ён не быў святым, не быў узорным дысцыплінаваным хлопцам. Быў свавольнік, гарэза, нават хуліган. У нашай вёсцы называлі такіх хлопцаў «рыштантамі». Але ў той жа час Ніл быў параўнальна з намі куды больш начытаны, і таму куды больш дасведчаны. Ужо ў падлеткавыя гады Ніл быў, як казалі, «вялікім выдумлякам», нястомным у складанні вершаў з самых розных выпадкаў і нгагод. Удачлівым, вядомым на ўсю вёску шукальнікам грыбоў. Майстрам па пляценні кошыкаў з сасновых каранёў і ракітавых дубцоў. Ніхто з нас лапцей не абуваў і не насіў, а ён мог абуць і пабегчы ў грыбы.

Я памятаю адзін дзень 1956 года, калі мы ішлі са сваёй Слабады зімой пешшу ў Мінск. Ён – паперадзе, затуляючы мяне сваёй спіной, я за ім, ступаючы ў яго сляды. Па вяртанні ён моцна захварэў, а я не. Цяпер яго спіна мяне не затуляе. Сумоўе з ім стала для мяне найлепшымі лекамі ў апошнія гады. Бачыў я, што ён траціць сілы, але неяк не думалася пра горшае. Смерць заўсёды прыходзіць неспадзявана. Цяпер жа востра адчуваеш пустату вакол сябе. Лезуць у галаву радкі Цютчава (я пераклаў цэлы томік): «І ты сышоў, куды мы ўсе ідзём. І я цяпер на голай вышыні, і пуста ўсё кругом».

Таццяна Грыневіч

Паміж выступамі сваякоў, сяброў і калег Ніла Гілевіча вядоўцы з Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры паказалі ўрыўкі з дакументальнага фільма пра народнага паэта. Гучала музыка. Так, Таццяна Грыневіч-Матафонава праспявала некалькі песень на вершы Ніла Гілевіча і падаравала ягонаму сыну, Сяргею Нілавічу, дыск «Галасы паэтаў», куды ўвайшлі і запісы аўтарскага чытання вершаў.

Вячаслаў Рагойша

Прафесар БДУ Ніл Гілевіч – аўтар шэрагу манаграфій, рэдактар пяці тамоў збору беларускага фальклору ў сучасных запісах, шматгадовы кіраўнік фальклорных практык, дыпломных, кандыдацкіх і доктарскіх работ. Пра навукоўца-Гілевіча распавёў прафесар БДУ, тэарэтык літаратуры Вячаслаў Рагойша:

– Постаць, асоба Ніла Гілевіча была б няпоўнаю, калі мы не сказалі б пра яго як пра педагога. Калі б ён не прыйшоў у аспірантуру нашага ўніверсітэта і не стаў выкладчыкам, то яго творчасць і не набыла б такой шырыні і глыбіні. Ён атрымаў талент паэта і арганічна пачаў развіваць яго. Але талент без адукацыі не зусім варты таго, на што разлічвае Бог. Дзякуючы таму, што Ніл Сымонавіч сустрэўся з літаратуразнаўствам, з тэорыяй літаратуры – ён стаў самым культурным паэтам Беларусі канца ХХ стагоддзя. Ён дбаў пра мастацтва паэзіі, развіваў яго. Бо ведаў, чаго не хапае беларускай паэзіі. Першы вянок санетаў у БССР напісаў Ніл Гілевіч. Першы вершаваны раман – «Родныя дзеці» Ніла Гілевіча. Кнігу «Актавы» – цэлы зборнік ажывіў падзабыты жанр. Пад канец жыцця напісаў кнігу японскіх танка. Як педагог ён тут жа падказваў гэта студэнтам, і такім чынам гадаваў цэлае пакаленне маладых паэтаў і пісьменнікаў. Пакуль што, на жаль, недаацэненьваецца яго педагагаічная дзейнасць. Некалі вялікія людзі казалі, што не толькі свабода вядзе да развіцця культуры, але і развіццё культуры вядзе да свабоды. Сваім выкладаннем Ніл Гілевіч дбаў і пра свабоду, і пра будучую незалежнасць.

Вячаслаў Рагойша перадаў у падарунак Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры цэлы пакет фатаграфій з сямейнага архіву, здымкаў Ніла Гілевіча у часе працы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Радзім Гарэцкі

Васіль Зуёнак

Шмат хто хацеў узяць слова і прыгадаць Ніла Сымонавіча. Акадэмік Радзім Гарэцкі распавёў пра сваю працу з Нілам Гілевічам у часы паўставання Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Васіль Зуёнак распавёў гісторыю, як яны разам чыталі вершы са святой кафедры ў Чырвоным касцёле імя святых Сымона і Алены.

Міхась Скобла

Уладзімір Сіўчыкаў

«Шкада, канечне, што над музеем Багдановіча няма амбона, – сказаў  паэт і эсэіст Міхась Скобла. – Тады мы маглі б яшчэ вышэй прамаўляць свае словы да Гілевіча. Ведаеце, Ларыса Геніюш у 1968 годзе назвала Ніла Сымонавіча «жывіцелем пустыні». Кажуць, што любое параўнанне кульгае, але з кожнага правіла ёсць вынятак. Як цячэ рака Ніл па афрыканскай пустыні і нараджае аазісы, так і Ніл Сымонавіч гэтыя аазісы беларушчыны ствараў, гадаваў і сілкаваў. Створанае ім – неабсяжны архіпелаг аазісаў беларушчыны: паэтычны, перакладны, празаічны, фальклорны. Ён яшчэ і аўтар першай у беларускай літаратуры кнігі эпіграмаў. У апошні час Ніл Сымонавіч выдаваў свае вершы невялікімі кніжачкамі. Не да ўсіх яны даходзілі, наклад быў усяго 100 асобнікаў. Кожную акуратна падпісваў і заўсёды казаў: «Паведамляйце, калі будзеце куды ехаць». Усюды былі ягоныя вучні, ён ім перадаваў гэтыя кнігі. Думаю, яны будуць захоўвацца яшчэ доўга-доўга і будуць перадавацца нашчадкам тых людзей, якім былі падпісаны».

Сяргей Гілевіч

Хор імя Рашчынскага

Напрыканцы вечарыны Сяргей Нілавіч Гілевіч падзякаваў усім гледачам за тое, што змаглі знайсці час, каб ушанаваць памяць паэта. Кропку паставіў народны хор імя Рашчынскага, які праспяваў песні на вершы Ніла Гілевіча. Скончылася імпрэза калектыўным спяваннем а-капэла галоўнага хіта ансамбля «Сябры» «А я лягу-прылягу». І доўга яшчэ ўдзельнікі і гледачы не маглі развітацца – наракаючы, што юбілей народнага паэта не можа быць праведзены ў больш прасторнай залі, на іншым узроўні, і выказваючы спадзяванне, каб хаця ў 90-годдзе паэта ўсім ахвотным патрапіць на вечарыну хапіла месца. Як яно будзе – убачым праз пяць гадоў.

Тэкст: Ціхан Чарнякевіч, фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org

юбілеі, Ніл Гілевіч, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла, Ціхан Чарнякевіч

Каментары

Афiша

18 красавіка
Наіўна. Супер: Размова з нарвежскім пісьменнікам Эрлендам Лу
У Мінску ў межах кінафестывалю «Паўночнае ззянне» у івэнт-прасторы Space (вул. Кастрычніцкая, 16А).
19 красавіка
Творчая сустрэча з Паўлам Севярынцам у Гародні
Прэзентацыя кнігі "Беларусалім" па адрасе: Гародня, вул. Будзённага, 48А.
03 траўня
Уручэнне прэміі Цёткі
У мінскім культурніцкім цэнтры «Корпус» (пр. Машэрава, 9).
Наш канал на YouTube

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Новы «Дзеяслоў»: вершы Насты Кудасавай, пераклады з нарвежскай і японскай, дыялогі Святланы Алексіевіч з Веніямінам Блажэнным
18 красавіка 2018

Новы «Дзеяслоў»: вершы Насты Кудасавай, пераклады з нарвежскай і японскай, дыялогі Святланы Алексіевіч з Веніямінам Блажэнным

Чытаць далей...
Літаратары галасуюць за «Кнігу году 2017»
18 красавіка 2018

Літаратары галасуюць за «Кнігу году 2017»

Чытаць далей...
У Зэльве павінен быць музей Ларысы Геніюш: размова з Валянцінам Дубатоўкам
13 красавіка 2018

У Зэльве павінен быць музей Ларысы Геніюш: размова з Валянцінам Дубатоўкам

Чытаць далей...
Леаніда Маракова ўспомнілі ў Мінску (фота)
13 красавіка 2018

Леаніда Маракова ўспомнілі ў Мінску (фота)

Чытаць далей...
1231