Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

НАШЫ ПРАЕКТЫ

Міжнародны паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова "Вершы на асфальце"

Штогадовы Міжнародны паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова "Вершы на асфальце" запачаткаваны ў 2012 годзе ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і Беларускім ПЭН-цэнтрам. У розныя гады ўдзельнікамі фестывалю былі паэты з Беларусі, Германіі, Ісландыі, Казахстана, Літвы, Латвіі, Нарвегіі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны, Швецыі, Фінляндыі, Эстоніі. Сярод традыцыйных мерапрыемстваў фестывалю – паэтычны слэм, літаратурныя чытанні, дыскусіі, прэзентацыі кніг, кніжных серый, музычныя выступы і г.д.

Чытаць далей

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца

Прэмія прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу, напісаную на беларускай мове, у жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка». Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Мінску; фундатары ўзнагарод — «Ідэя Банк» і Калегіум Усходняй Еўропы ва Уроцлаве.

Чытаць далей

Прэмія імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў

Прэмія заснаваная ў 2014 годзе. Прысуджаецца за кнігі, напісаныя ў Беларусі на беларускай мове ў перыяд 2011—2014 гг. у галіне дакументальнай літаратуры ў наступных жанрах: мемуары, успаміны, дзённікі, эпісталярная спадчына (не толькі ўласныя, але і публікацыі чужых); біяграфіі; травелогі (падарожныя нататкі). Партнёрамі ў арганізацыі конкурсу і ўручэнні прэміі выступаюць: Беларускі інстытут навукі і мастацтва, ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», выдавецтва «Лімарыус».

Чытаць далей

Серыя дэбютных кніг "Пункт адліку"

У серыі, распачатай ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» у 2012 годзе ў межах «Кнігарні пісьменніка», выходзяць першыя кнігі маладых празаікаў і паэтаў.

Чытаць далей

Школа маладога пісьменніка

Школа працуе з 2012 года як нефармальны адукацыйны праект, сертыфікат аб яе заканчэнні не замяняе дыплома афіцыйных навучальных устаноў. Форма працы: практычныя заняткі ў прозе з пастаяннымі выкладчыкамі, лекцыі і майстар-класы запрошаных навукоўцаў і аўтараў.

Чытаць далей

Часопіс "Дзеяслоў"

Часопіс “Дзеяслоў” выходзіць у Беларусі з верасня 2002 года. За адносна кароткі час “Дзеяслоў” здолеў заваяваць павагу аўтараў і чытачоў. “Дзеяслоў” сёння – самае аўтарытэтнае літаратурна-мастацкае выданне, вакол якога аб’ядналіся пісьменнікі розных пакаленняў. Выданне мае сваю штогадовую літаратурную прэмію за найлепшую публікацыю года -- "Залаты апостраф".

Чытаць далей

Праект «Лета з Быкавым» — слухай і чытай!

Саюз беларускіх пісьменнікаў і Kniharnia.by прэзентуюць новы аўдыёпраект «Лета з Быкавым» і прадстаўляюць у папулярных аўдыёфарматах (у тым ліку для iPhone, iPod, iPad) тры аповесці класіка нацыянальнай літаратуры «Бліндаж», «У тумане» і «Пакахай мяне, салдацік».

Акцыя распачынаецца напярэдадні 19 чэрвеня, Дня нараджэння Васіля Быкава.

Тэксты славутага творцы агучылі акцёры Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

У раздзеле “Электронныя кнігі” чытачы могуць таксама знайсці ўсе тамы Поўнага збору твораў Васіля Быкава, а таксама кнігу-білінгву "Парадоксы жыцця / Парадоксы жизни" і многія іншыя выданні сучасных беларускіх аўтараў, якія даступныя ў фармаце .epub абсалютна бясплатна.

Чытаць далей

Літаратурны конкурс "Экслібрыс"

Штогадовы конкурс для маладых аўтараў штораз мае новую тэму. Першы ў 2012 годзе быў прысвечаны класікам-юбілярам беларускай літаратуры Паўлюку Багрыму, Якубу Коласу, Янку Купалу, Алесю Гаруну, Цішку Гартнаму, Максіму Танку, Янку Брылю і Міхасю Стральцову, другі (2013) — Янку Маўру, трэці (2014) — Аляксандру Уласаву, чацвёрты (2015) — Рыгору Барадуліну, пяты (2016) — Антону Луцкевічу. 

13 студзеня 2017 года ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» абвясціў пра пачатак прыёму прац на конкурс «Экслібрыс», які сёлета мае імя Францішка Скарыны, прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і прысвечаны мастацкаму перакладу на беларускую мову. Вынікі конкурсу абвешчаныя 6 жніўня 2017.

Чытаць далей

Альманах "Гарбузік"

Літаратурна-забаўляльны дзіцячы альманах створаны грамадскай ініцыятывай "Нашыя дзеткі" і ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў". "Гарбузік" прапануе найлепшы спосаб прабавіць вольны час для дапытлівых дзетак, а таксама іхных неабыякавых бацькоў і выхавальнікаў. У зборнік уваходзяць матэрыялы навучальнага і забаўляльнага характару: вершы, казкі, вясёлыя задачы, самаробкі. Для сямейнага чытання.

Чытаць далей

Стыпендыя імя Магдалены Радзівіл для пісьменніц і перакладчыц

ПАЛАЖЭННЕ

аб Стыпендыі імя Магдалены Радзівіл для пісьменніц і перакладчыц

 

1. АГУЛЬНАЕ

 

1.1. Заснавальнікам Стыпендыі імя Магдалены Радзівіл для пісьменніц і перакладчыц (далей – Стыпендыі) з’яўляецца ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

1.2. Мэтамі Стыпендыі з’яўляецца дапамога таленавітым жанчынам-аўтаркам і папулярызацыя іх творчасці.

1.3. На Стыпендыю могуць прэтэндаваць жанчыны-аўтаркі, якія пішуць на беларускай мове альбо перакладаюць на яе з замежных моваў. Узрост аўтарак не абмяжоўваецца.

 

2. РАДА СТЫПЕНДЫІ

 

2.1. Правам намінацыі на Стыпендыю валодаюць сябры Рады Стыпендыі ў складзе пяці чалавек, зацверджаныя Сакратарыятам ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

2.2. Кожны сябра Рады Стыпендыі мае права штогод намінаваць пяць прэтэндэнтак на атрыманне Стыпендыі, зыходзячы з уласнай кампетэнцыі і меркаванняў пра эстэтычную вартасць твораў і(ці) перакладаў абранай аўтаркі.

2.3. Стыпендыяткі вызначаюцца праз пайменнае галасаванне сяброў Рады Стыпендыі. Кожная з пяці намінантак ад кожнага сябра Рады Стыпендыі атрымлівае адзін бал. Намінанткі, якія атрымліваюць найбольшую колькасць балаў, становяцца стыпендыяткамі.

2.4. Сябры Рады Стыпендыі маюць права абраць стыпендыятак шляхам кансэнсусу ў выпадку, калі намінанткі атрымліваюць роўную колькасць балаў альбо калі меркаванні сяброў Рады Стыпендыі ў дачыненні да той ці іншай намінанткі разыходзяцца.

 

3. УРУЧЭННЕ І ЎЗНАГАРОДЫ

 

3.1. Стыпендыя ўручаецца тром жанчынам-аўтаркам штогод у сакавіку ў памеры, вызначаным спонсарам і заснавальнікам стыпендыі.

3.2. Жанчына-аўтарка, якая атрымала Стыпендыю, не можа прэтэндаваць на яе ў наступныя гады.

 

У склад Рады Стыпендыі ў 2017 годзе ўвайшлі: Святлана Алексіевіч (старшыня Рады), Уладзімір Арлоў, Алена Макоўская, Барыс Пятровіч (Сачанка), Юлія Чарняўская.

Стыпендыяткамі 2017 сталі: Таццяна Барысік (Магілёў), Алена Брава (Барысаў), Дар’я Ліс (Смаргонь).

 

Чытаць далей

Афiша

23 жніўня
100-годдзе з дня нараджэння Пімена Панчанкі і Янкі Брыля
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае.
Наш канал на YouTube
Дзе купіць нашыя кнігі