Адкрыццё выставы “Лідзія Арабей. Пошукі ісціны”

29 чэрвеня а 17-ай гадзіне ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі (вул. К.Маркса, 30) адбудзецца адкрыццё выставы “Лідзія Арабей. Пошукі ісціны”, прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння беларускай пісьменніцы, літаратуразнаўцы і крытыка Лідзіі Львоўны Арабей.

Прайшоўшы складаныя выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны, жанчына абрала для сябе літаратурны шлях і не скрочыла з яго да апошніх дзён. Лідзія Арабей выступала не толькі як аўтар уласных твораў («Калібры», «Кватэра № 3», «Мера часу» «Экзамен», «Ларыса», «На струнах буры», «Сярод ночы», «Іскры ў папялішчы»,«Ваўчкі», «Сіні бор», «Мне трэба ехаць», «Стану песняй», «Сузор'е Вялікай Мядзведзіцы», «Паласа дажджу», «Пошукі кахання», «Ісці ў разведку», «Пошукi iсцiны», «Белае поле» і інш.), але і аддана даследавала творчую спадчыну дзяячкі беларускага адраджэння Алаізы Пашкевіч. Дзякуючы намаганням пісьменніцы, дэталёва прааналізавана дзейнасць Цёткі і прывезены на беларускую зямлю каштоўныя матэрыялы, звязаныя з яе асобай. Некаторая частка гэтых рэчаў была перададзена Лідзіяй Арабей ў фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, самыя адметныя з якіх можна будзе ўбачыць на адкрыцці выставы.

Асаблівую каштоўнасць прадстаўляе каталіцкі крыж, які калісьці належыў матулі Алаізы Пашкевіч і доўгі час знаходзіўся ў сястры паэткі Караліны ў Польшчы, потым трапіў да даследчыцы. Па запавеце Лідзіі Арабей распяцце трапіла ў музей і ў межах выставы будзе ўпершыню прадстаўлена для масавага наведвальніка.

Акрамя непарыўнай сувязі паміж дзвюма пісьменніцамі, праз фотаздымкі, рукапісы і асабістыя рэчы ў сценах музея можна будзе прасачыць станаўленне і развіццё асобы Лідзіі Арабей, яе жыццёвыя прынцыпы і своеасаблівы філасофскі падыход як да грамадскіх спраў, так і асабістых.

Кожны з прысутных на адкрыцці выставы забярэ з сабой пэўную часцінку ісціны, якую старанна шукала і пакінула для асэнсавання сучаснікам Лідзія Львоўна Арабей.

 

Даведкі па тэлефоне: 335-44-47; 334-56-21

Эл.пошта: bellitmuseum@tut.by