Адкрыццё выставы “ВАСІЛЬ БЫКАЎ. ДОЎГАЯ ДАРОГА ДАДОМУ…”

20 чэрвеня ў 15.30 у Міністэрстве замежных спраў адбудзецца адкрыццё выставы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому…”, прымеркаванай да  Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Амаль 75 гадоў мінула з пачатку адной з самых разбуральных і крывавых трагедый XX стагоддзя, што бязлітасна прайшла па беларускай зямлі і забрала больш за 2 мільёны жыццяў. Да яе не рыхтаваліся, яе не чакалі… Але няма ніводнай сям'і, дзе Вялікая Айчынная вайна не пакінула б свой след. 22 чэрвеня - дзень пачатку вайны - дата трагічная і журботная, але менавіта ад яе бярэ адлік летапіс усенароднага гераізму і мужнасці.

Сімвалічна, што ў гэты ж дзень 13 гадоў таму не стала чалавека, для якога вайна была часткай біяграфіі,  спадарожнікам і жыцця, і творчасці – народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Творы Васіля Быкава, праўдзівыя і шчымлівыя, нясуць энергетыку непасрэднага водгуку, экспрэсію жывога ўражання і не даюць забыць нам аб загінуўшых у баях, закатаваных у фашысцкай няволі, памерлых у тыле ад голаду і нягод.

“Васіль Быкаў. Доўгая Дарога дадому…” – гэта выставачны праект Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, які арганічна раскрывае асобныя старонкі біяграфіі Васіля Быкава, знаёміць з матэрыяламі пісьменніцкага архіва.

Тэму жыццёвага і творчага шляху адлюстроўвае перасоўная літаратурна-дакументальная выстава “Васіль Быкаў. Доўгая Дарога Дадому…”, у аснову якой пакладзена апошняя прыжыццёвая кніга Васіля Уладзіміравіча. Гэта выстава дае магчымасць кожнаму сам-насам застацца з пісьменнікам, адкрыць для сябе тую спадчыну, якую ён пакінуў сваім нашчадкам.

“Дарогі Васіля Быкава” – вынік “завочнага фотапленера” — фотаздымкі мясцін, дзе пачынаўся і праходзіў жыццёвы шлях Васіля Уладзіміравіча Быкава.

Дзякуючы прадстаўленым матэрыялам наведвальнік зможа прайсці дарогамі Чалавека, філосафа, пісьменніка, грамадзяніна сваёй Бацькаўшчыны, зразумець, што было каштоўным для гэтай велічнай асобы.

 

У межах выставачнага праекта можна зрабіць віртуальнае падарожжа па “Музею-дачы Васіля Быкава”.

 

Месца правядзення: Міністэрства замежных спраў (вул. Леніна, 19).

Кантактныя тэлефоны: 335-44-47.

Электронная пошта: bellitmuseum@tut.by