Аўтограф-сесія Алеся Пашкевіча

Твор пра вынаходнікаў і нафтамагнатаў, паўстанцаў і цароў, разведчыкаў і здраднікаў, а найперш — пра тых, хто шчыра любіць сваю радзіму.

18 мая а 18-й літаратар Алесь Пашкевіч у мінскай "Кнігарні пісьменніка" (вул. Казлова, 2) прадстаўляе аповесць "Рух" пра пачатак дызельнай эпохі, апублікаваную ў выдавецтве “Кнігазбор”.

Першыя дзесяць чытачоў, якія набудуць кнігу, атрымаюць каштоўныя падарункі!

Сустрэча адбудзецца ў межах інфармацыйнай кампаніі «Пяцісотгоднасць» і святкавання юбілею «Кнігарні пісьменніка».

Ва ўступным слове да выдання аўтар прызнаецца, што меў намер “выпісаць рэальнасць, якой, магчыма, і не было, але якая… нараджаецца ва ўяве чытача ці хаця б самога аўтара”.

Так, балансуючы паміж гісторыямі рэальных персанажаў, якія жылі сто год таму, і мастацкім вымыслам, пісьменнік стварае ўнікальны свет.

Канец 19 стагоддзя. Парыж. З келіхам белага віна ў кавярні — спадар у сінім швэдры, выкладчык тэхнічнай школы Адам Мацкевіч; з келіхам чырвонага ў руцэ, апрануты ў гарнітур Рудольф Дызель. Той самы, чыё прозвішча або, прынамсі, тое, што яно азначае цяпер, ведаюць усе і што стала адпраўным пунктам тэхналагічнай рэвалюцыі пачатку 20 стагоддзя.

Аповесць, па сведчанні крытыкаў, “зацягвае і не адпускае да самага фіналу”, бо “твор напісаны яснай літаратурнай мовай, рухавым незамыленым стылем” і мае “ліха распрацаваны індустрыяльны сюжэт з некалькімі паралельнымі лініямі”. Зразумела, ёсць сярод іх і гісторыя кахання, і нацыянальная ідэя, блізкая кожнаму беларусу.

Алесь Пашкевіч — паэт, празаік, літаратуразнаўца, першы намеснік Старшыні ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, лаўрэат многіх міжнародных літаратурных узнагарод. Вершы і проза перакладаліся на рускую, украінскую, польскую, балгарскую, літоўскую, англійскую і шведскую мовы.

Уваход вольны.