“Чараўнік з краіны маленства”

16 мая 2013 года а 16-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Нацыянальная бібліятэка Беларусі ладзяць сумеснае мерапрыемства “Чараўнік з краіны маленства”, прысвечанае 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Маўра.

Янка Маўр (сапраўднае імя Іван Міхайлавіч Фёдараў, 10.05.1883 – 03.08.1971) – вядомы пісьменнік, адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, аўтар прыгодніцкіх твораў “Чалавек ідзе”, “У краіне райскай птушкі”, “Амок”, “Сын вады”, “Палесскія рабінзоны”, “ТВТ”, “Шлях з цемры” і інш. Для многіх пакаленняў маладых людзей ён быў любімым аўтарам, які “ў дзяцінстве выдаў бясплатны білет для падарожжа вакол свету” (Анатоль Вялюгін).

У рамках мерапрыемства адбудзецца адкрыццё літаратурна-дакументальнай выставы “Янка Маўр. Рамантык. Падарожнік. Педагог” з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, дзе будуць прадстаўлены рукапісы, машынапісы, асабістыя рэчы пісьменніка, кнігі з дароўнымі надпісамі і інш. Нацыянальная бібліятэка Беларусі шырока прадставіць выданні твораў Янкі Маўра розных гадоў, а таксама мастацкія ілюстрацыі да іх.

У мерапрыемстве прымуць удзел вядомы беларускі дзіцячы пісьменнік Уладзімір Ліпскі, празаік Леанід Левановіч, даследчыкі творчасці пісьменніка, а таксама родныя і блізкія Янкі Маўра.

 

Уваход вольны.

Месца правядзення: Нацыянальная бібліятэка Беларусі (пр-т Незалежнасці, 116, цэнтральны ўваход).

Кантактны тэлефон: (017) 334-56-21.