“Час робіць усё, што яму прыспявае…”

18 лістапада 2015 года а 16.00 гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча  адбудзецца мерапрыемства Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Час робіць усё, што яму прыспявае…”, прысвечанае выдатнаму празаіку, перакладчыку, мовазнаўцу, Чалавеку з вялікай літары Яну Скрыгану.

Нарадзіўся Іван Аляксеевіч Скрыган 16 лістапада 1905 года ў вёсцы Труханавічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. Дэбютаваў вершамі ў 1925 г., а прозай – у 1927г. Ян Скрыган арыентаваўся на традыцыю, востра адчуваў мову, вызначаўся любасцю да роднага слова, імкненнем вучыцца, а не вучыць. Ён, выдатны стыліст, выхаваў цэлае пакаленне беларускіх пісьменнікаў, а яго кнігі і сёння крыніца надзвычайна лінгвістычна багатай і глыбока нацыянальнай прозы, з якой чэрпаюць натхненне маладыя літаратары. Яшчэ напачатку творчага шляху талент Яна Скрыгана заўважылі мэтры мастацкага слова. Максім Гарэцкі пісаў: “Відук – моцны мастак слова, і ад яго калі ён зусім аформіцца, шмат чаго можна чакаць. ….Што да прозы, дык у Янкі Відука – яна мацнейшая за вершы і вызначае яго паміж празаікаў-маладнякоўцаў.”

На імпрэзе ў вас будзе магчымасць даведацца пра цікавыя факты з жыцця пісьменніка:

  • ›  Як пісьменнік змагаўся за жыццё ў высылцы і нягледзячы на жорсткі лёс не згубіў веру ў чалавечую дабрыню.
  • ›  Якую новую прафесію Ян Скрыган набыў падчас зняволення.
  • ›  Якую асабістую драму перажыў пісьменнік.
  • ›  Якой дзейнасцю адразу пасля рэабілітацыі пачаў займацца Ян Скрыган.
  • ›  У якой краіне Балтыі і чаму пастаўлены помнік Яну Скрыгану.

Вы зможаце:

  • пакінуць свае ўражанні аб мерапрыемстве ў “скрыні памяці”;
  • сфатаграфавацца з дачкой пісьменніка;
  • узяць удзел у прэзентацыі кнігі “Добра, што я іх ведаў”.

 У мерапрыемстве возьмуць удзел: дачка пісьменніка Галіна Скрыган, Пасол Рэспублікі Беларусь у Эстоніі Анатоль Сцепусь, Пасол Эстоніі ў Рэспубліцы Беларусь Майт Марцінсан, кіраўнік беларуска-эстонскага згуртавання Зінаіда Клыга, пісьменнікі, супрацоўнікі энцыклапедыі, людзі, якія ведалі Яна Скрыгана.

 

Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча,

 вул. М. Багдановіча, 7А

Кантактны тэлефон: 334-56-21

Куратар мерапрыемства: загадчык культурна-адукацыйнага аддзела Лідзія Шагойка.