Гульня-падарожжа “Музейныя лабірынты”

14 верасня а 13-й гадзіне Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае ў межах святкавання Дня горада прыняць удзел у інтэрактыўнай гульні-падарожжы “Музейныя лабірынты” па новых залах экспазіцыі, адна з якіх адлюстроўвае жыццё паэта ў Мінску, які стаў для Купалы родным горадам з 1919 па 1941 гг.

У аснове гульні – пошук. Адказы на пытанні музейных пуцяводнікаў удзельнікі гульні павінны адшукаць на экспазіцыі. Гульня прадугледжвае момант спаборніцтва: вызначаюцца пераможцы, якім уручаецца памятны прыз. Стварае атмасферу свята і вядучая гульні – Паўлінка, супрацоўніца музея ў беларускім нацыянальным строі.

Акрамя таго, наведвальнікі новай экспазіцыі музея атрымаюць унікальную магчымасць з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій пазнаёміцца з рарытэтнымі прадметамі музейных калекцый, убачыць Мінск часоў паэта, здзейсніць падарожжа па яго мінскіх адрасах, наведаць інтэрактыўную зону “Хлопчык і лётчык” для дзяцей і іх старэйшых сяброў.

Запрашаем наблізіцца да Купалавай Беларусі, багатай і годнай, пяшчотнай і непаўторнай!

Уваход: 20.000 рублёў для каманды з 2-5 чалавек.

Паводле прэс-рэліза