ХХІІІ Гарэцкія чытанні

17 красавіка 2015 г. у 11.30 у філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры – Літаратурным музеі Петруся Броўкі -  адбудзецца штогадовая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя — ХХІІІ Гарэцкія чытанні “Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць”. Сёлетняя канферэнцыя прысвечана 115-годдзю з дня нараджэння Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага і 95-годдзю першага выдання “Гісторыі беларускае літаратуры” Максіма Гарэцкага.

Гаўрыла Гарэцкі (1900-1988 гг.) – вядомы беларускі геолаг, географ і эканаміст, адзін з заснавальнікаў і акадэмік Беларускай акадэміі навук, брат Максіма Гарэцкага. Ён апублікаваў больш за 160 навуковых прац, у тым ліку па фальклоры, дэмаграфіі і археалогіі.

Максім Гарэцкі (1893-1938 гг.) – адзін з пачынальнікаў эпічнага жанру ў беларускай літаратуры, аўтар эпапеі “Камароўская хроніка”, рамана “Віленскія камунары”, аповесцяў “Ціхая плынь”, “Дзве душы” і інш., а таксама некалькіх твораў антываеннага характару (“На імперыялістычнай вайне”, “Літоўскі хутарок”, “Рускі”, “Генерал”, “На этапе”).

Акрамя таго, Максімам Гарэцкім напісана першая сістэматызаваная навуковая праца па гісторыі развіцця беларускай літаратуры, якая стала адначасова і першым грунтоўным падручнікам па беларускай літаратуры. У ёй разгледжана развіццё нашай нацыянальнай літаратуры ад старажытнасці да першых паслякастрычніцкіх гадоў, ахарактарызаваны вядомыя на той час літаратурныя помнікі, творы новай і найноўшай літаратуры, паказана станаўленне літаратурных плыняў і кірункаў, вызначана месца і роля вядучых аўтараў у гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства. "Гісторыя беларускае літаратуры" М. Гарэцкага вытрымала некалькі выданняў і не страціла сваёй каштоўнасці і практычнай значнасці па сённяшні дзень.

Штогод у Гарэцкіх чытаннях, якія ладзяцца з 1992 года, удзельнічаюць каля 50 літаратуразнаўцаў, моваведаў, гісторыкаў і інш.  Па выніках навукова-практычнай канферэнцыі выдаюцца зборнікі матэрыялаў.

Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Рэспубліканскі фонд імя братоў Гарэцкіх, ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”.

 

Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (вул. К.Маркса, 30).

Кантактныя тэлефоны: 335-44-47, 334-56-21, 226-09-81.

Электронная пошта: bellitmuseum@tut.by