ХХІV Гарэцкія чытанні

16 чэрвеня 2016 г. у 10.00 у філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры – Літаратурным музеі Петруся Броўкі -  адбудзецца штогадовая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя — ХХІV Гарэцкія чытанні “Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць”. Сёлетняя канферэнцыя прысвечана 50-годдзю вяртання Гаўрылы Гарэцкага на Беларусь і 95-годдзю з дня нараджэння Галіны Максімаўны Гарэцкай.

         Гаўрыла Гарэцкі (1900-1988 гг.) – вядомы беларускі геолаг, географ і эканаміст, адзін з заснавальнікаў і акадэмік Беларускай акадэміі навук, брат Максіма Гарэцкага. Ён апублікаваў больш за 160 навуковых прац, у тым ліку па фальклоры, дэмаграфіі і археалогіі.

         Максім Гарэцкі (1893-1938 гг.) – адзін з пачынальнікаў эпічнага жанру ў беларускай літаратуры, аўтар эпапеі “Камароўская хроніка”, рамана “Віленскія камунары”, аповесцяў “Ціхая плынь”, “Дзве душы” і інш., а таксама некалькіх твораў антываеннага характару (“На імперыялістычнай вайне”, “Літоўскі хутарок”, “Рускі”, “Генерал”, “На этапе”).

Галіна Гарэцкая (1921-2006) – беларускі літаратурны крытык, перакладчык, літаратуразнавец, аўтар успамінаў “Наша сям’я”, літаратурных артыкулаў, нарысаў, тэксталагічных каментарыяў. Дачка класіка беларускай літаратуры Максіма Іванавіча Гарэцкага. Нарадзілася ў Беларусі, але большую частку жыцця пражыла за яе межамі, памерла ў Санкт-Пецярбургу.

Штогод у Гарэцкіх чытаннях, якія ладзяцца з 1992 года, удзельнічаюць каля 50 літаратуразнаўцаў, моваведаў, гісторыкаў і інш.  Па выніках навукова-практычнай канферэнцыі выдаюцца зборнікі матэрыялаў.

         Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Рэспубліканскі фонд імя братоў Гарэцкіх, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

 

Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (вул. К.Маркса, 30).

Кантактныя тэлефоны: 334-72-61, 226-09-81.

Электронная пошта: bellitmuseum@tut.by