Лекцыя "Віртуальны шпацыр па мясцінах БНР"

Другая лекцыя адбудзецца ў пятніцу 2 сакавіка ў памяшканні «Арт Сядзібы» (Машэрава, 18). Пачатак а 19:00.

ЗАПІСАЦЦА ПА СПАСЫЛЦЫ

ЗАПРАШАЕМ У БЕЛАРУСКУЮ НАРОДНУЮ РЭСПУБЛІКУ!

Віртуальны шпацыр па мясцінах БНР у Менску з Сяргеем Харэўскім.

Месцы, што пазначаны на мапах кропкамі, становяцца пунктамі, з якіх бяруць пачаткі лёсы нацыяў. Менск на сумежжы ХІХ—ХХ ст. стаў пунктам нулявога адліку ў найноўшай гісторыі Беларусі й ня толькі яе. У Менску братамі Луцкевічамі была ўтворана першая нацыянальная партыя беларусаў — Беларуская сацыялістычная грамада. Тутсама дзейнічала іх партыйная друкарня, а ў 1906 г. тут адбыўся ІІ з’езд Беларускае Сацыялістычнае Гамады. Цудам будынак, у якім месьцілася гэтая партыя ў 1917 годе – ацалеў! У 1917 г. тут дзейнічаў Беларускі нацыянальны камітэт на чале з Раманам Скірмунтам. Адна з першых публічных акцый камітэту — наладжаны 12 сакавіка 1917 г. дзень беларускага значка ў Мeнску. Як паведамлялі газэты, у гэты дзень на вуліцах гораду прадаваліся «значкі нацыянальных колераў Беларусі — чырвонага зь белым. Упершыню забытая мова забытай беларускай вёскі дамінавала ўсюды: на вуліцах, у кавярнях, кінэматографах». 24-25 мая 1917 г. у Менску адбыўся з'езд беларускага каталіцкага духавенства. 25 сакавіка 1918 г. у Менску была абвешчана незалежнасьць БНР.

Тут цудам ацалелі ўсе адрасы, тым ці іншым чынам зьвязаныя з ідэяй незалежнасці Беларусі. Пабачыць іх мы і выйдзем на свой шпацыр!

У былым гарадзкім тэатры — цяпер тэатар імя Янкі Купалы — пры канцы 1917 г. адбываліся пасяджэньні Ўсебеларускага з’езду.

У колішнім біскупскім палацы пры кляштары езуітаў — тады рэзыдэнцыі расейскіх губэрнатараў — у 1918 г. засядалі спачатку выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага з’езду, а затым і Народны сакратарыят Беларусі. Тут была прынятая Першая ўстаўная грамата (плошча Свабоды, 7).

Захаваўся ў выдатным стане й той самы будынак на вуліцы Валадарскага, 9 дзе ў залі на трэцім паверсе а восьмай раніцы 25 сакавіка была ўхваленая Трэцяя ўстаўная грамата БНР. Ён быў арандаваны ў Сялянскага пазямельнага банку ад сярэдзіны сакавіка 1918 году для Народнага сакратарыяту.

Пра гэтыя адрасы і пра шмат чаго ішага распавядзе мастацтвазнаўца і гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі. Запрашаем!

Паводле прэс-рэлізу