“Магія Паэзіі. Магія Веры”

У гэтым годзе з дня нараджэння вядомай паэткі і перакладчыцы Веры Рыч (Vera Rich), якая фактычна адкрыла англамоўным чытачам беларускую паэзію, спаўняецца 80 год. Значэнне яе дзейнасці пераацаніць немагчыма, бо менавіта дзякуючы Веры Рыч упершыню загучалі на мове Шэкспіра многія беларускія класікі, і сярод іх геніяльны беларускі паэт Максім Багдановіч. Перастварыўшы ўсяго 34 вершы беларускага класіка, у сваіх інтэрв’ю спадарыня Вера неаднаразова падкрэслівала, што менавіта Максім Багдановіч — яе ўлюбёны паэт.

Уласна гісторыя зацікаўлення карэннай англійскай дзяўчынай беларускай мовай у нечым незвычайная: магія мовы нават паўплывала на абранне ёю творчага псеўданіма: менавіта пад славянскім варыянтам гучання імя “Feith” – “Vera”, перакладчыца і даследчыца атрымала вядомасць у літаратурных колах. Усіх тых, хто жадае даведацца пра гэтую неардынарную асобу больш, чым даюць энцыклапедычныя даведнікі, Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае на вечарыну “Магія Паэзіі. Магія Веры.”

Мерапрыемства адбудзецца 13 кастрычніка ў 18.00 па адрасе: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, 7а (тэл. 8-017-334-42-69).