"Маладосць" Аляксея Кулакоўскага

23 снежня 2013 года а 16-й гадзіне ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Л.М. Талстога адбудзецца сумесны вечар літаратурна-мастацкага часопіса “Маладосць” і Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Маладосць” Аляксея Кулакоўскага”, прысвечаны 60-годдзю часопіса і 100-годдзю з дня нараджэння пісьменніка.

2013 год – юбілейны адначасова для часопіса “Маладосць” і яго першага рэдактара, празаіка Аляксея Кулакоўскага.

У рэдакцыі выдання захоўваюцца прадметы, якія сімвалізуюць гісторыю часопіса ад самага пачатку. Гэта, да прыкладу, загад № 1 – аб прызначэнні Аляксея Кулакоўскага на пасаду адказнага рэдактара часопіса (самыя першыя нумары – ужо рарытэты). Знакавым з’яўляецца часопіс, у якім была надрукавана аповесць А. Кулакоўскага “Дабрасельцы”. З-за яе ён быў зняты з пасады галоўнага рэдактара “Маладосці”. Ёсць і часопіс з артыкулам, які “тлумачыць пазіцыю” выдання ў гэтай тэме. Усё гэта можна не толькі ўбачыць на мерапрыемстве, але нават узяць у рукі і пачытаць.

Падчас падрыхтоўкі да юбілею сталі вядомымі і новыя падрабязнасці з “прадметнай” гісторыі выдання. Так сталася, у прыватнасці, з гісторыяй пра крэсла Машэрава-Кулакоўскага, якую на вечарыне распавядзе пісьменнік Алесь Камароўскі. Ён, да таго ж, “ажывіць” жартаўлівую атмасферу рэдакцыі выдання шматгадовай даўнасці.

Успамінамі падзеляцца Алесь Жук як малодшы калега пісьменніка, Таццяна Шамякіна, сям’я якой некалі дзяліла кватэру з сям’ёй Кулакоўскіх. Рэдактар аддзела крытыкі сённяшняга часопіса “Маладосць” Ціхан Чарнякевіч паразважае аб “нядолі” Кулакоўскага.

У выкананні акцёра Валерыя Шушкевіча прагучаць урыўкі з аповесці “Дабрасельцы”, будуць гучаць лірычныя песні барда Дзмітрыя Пятровіча. А нехта згуляе ў шахматы – гэта ж “маладосцеўская” традыцыя!

На мерапрыемства запрошаны родныя Аляксея Кулакоўскага.

Паводле прэс-рэліза