“Майстра ў белай кашулі…”

19 лістапада 2015 года а 17.00 гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца мерапрыемства Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Майстра ў белай кашулі…”, прысвечанае прэзентацыі кнігі доктара філалагічных навук Аляксея Ненадаўца.

Кніга пабачыла свет у выдавецтве “Беларуская навука” ў 2015 годзе. З’яўленне гэтай кнігі радасная навіна не толькі для прыхільнікаў творчасці Уладзіміра Караткевіча, але і для ўсіх аматараў вывучэння гісторыі і традыцый роднага краю. У прэзентуемай манаграфіі даследуецца ўплыў прыроды, міфалогіі, фальклору на станаўленне творчай індывідуальнасці слыннага беларускага пісьменніка, адзначаецца, што менавіта ён у значнай ступені рамантызаваў падзеі і герояў айчыннай гісторыі, зрабіў іх шырока вядомымі. Даследчык падкрэслівае тонкае разуменне пісьменнікам народных гульняў і абрадаў, варажбы і танцаў, ролі лесу і палявання ў жыцці нашых продкаў.

Аляксей Міхайлавіч Ненадавец нарадзіўся ў 1958 годзе ў в. Чухава Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1980 скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны. Працаваў у гэтым універсітэце. З 1999 года загадчык кафедры грамадскіх дысцыплін і права Бабруйскага філіяла Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Доктар філалагічных навук (1995), прафесар (1996), аўтар шматлікіх манаграфій па міфалогіі, дэманалогіі, літаратуразнаўству і краязнаўству. Сфера навуковых інтарэсаў: узаемасувязі літаратуры і фальклору, даследаванне магіі і язычніцкай рэлігіі беларусаў..

У мерапрыемстве возьмуць удзел:

галоўны рэдактар выдавецтва “Беларуская навука” Г. Кісялёў;

літаратуразнаўца, даследчык, кандыдат філалагічных навук А. Манкевіч;

літаратуразнавец, крытык, празаік і драматург П. Васючэнка;

пляменніца Уладзіміра Караткевіча А. Сянкевіч;

радыёжурналіст Г. Шаблінская і інш.

Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, вул. М. Багдановіча, 7а.

Кантактны тэлефон: 334-56-21.