“Не забудзься вясёлых калёраў зажыць!”

У нашай краіне ўжо не першы год 18 мая адзначаецца Міжнародны дзень музеяў, у межах якога ладзіцца і адна з найбольш папулярных для наведвальнікаў акцый “Ноч музеяў”.  Дэвіз сёлетняга свята – Музеі (памяць + крэатыўнасць) = Сацыяльныя змены.  Таму Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае сваіх гасцей у гэты дзень пазабаўляцца так, як гэта рабілі нашыя продкі ў пачатку ХХ стагоддзя, у час калі жыў Максім Багдановіч. У цэнтры мерапрыемства — мода і гарадская культура таго часу, бо Максім Багдановіч з’яўляецца адзіным класікам-гараджанінам беларускай літаратуры пачатку стагоддзя.

Вядома, што адно з цэнтральных месцаў у культурнай гарадской прасторы таго часу займаў тэатр. У сям’і Багдановічаў прыхільна ставіліся да наведвання тэатральных прадстаўленняў, а сам Максім Багдановіч хадзіў у  Яраслаўскі тэатр са сваімі таварышамі па гімназіі. Наведваючы тагачасны тэатр, жанчыны звычайна прытрымліваліся пэўных норм у адзенні, і  важным элементам тэатральнага строю з’яўлялася дамская сумачка. Таму пад час праграмы будуць праводзіцца  майстар-класы па вырабу дамскай сумачкі, і ахвотныя змогуць зрабіць сабе такі цікавы адмысловы аксесуар.

Асаблівую папулярнасць у пачатку ХХ стагоддзя пачынаюць набываць дамскія часопісы. Адзін з такіх часопісаў за 1913 год захоўваецца ў фондах ЛММБ, і ў наведвальнікаў мерапрыемства будзе магчымасць яго ўбачыць на выстаўцы “Мода пачатку ХХ стагоддзя”. Найбольш жа цікаўным распавядуць таксама пра тэндэнцыі ў модзе таго часу.

Пры жаданні можна будзе далучыцца да салонных  і літаратурных гульняў, і паспрабаваць свае сілы ў бурымэ на рыфмы Максіма Багдановіча.

Самых актыўных чакаюць майстар-класы ад клуба “Гістарыён” па танцах пачатку ХХ стагоддзя: кейк-уок, рэгтайм, макшыш, уанстэп, танга. Можна будзе не толькі навучыцца іх танцаваць, але і даведацца гісторыю ўзнікненння таго ці іншага танца, некаторыя з якіх вельмі забаўныя.

Завершыць мерапрыемства музычная праграма з удзелам Паліны Рэспублікі і гурта “Сундук”.

18.00 – 20.00 – майстар-клас па вырабу тэатральных аксесуараў, прэзентацыя выстаўкі “Мода пачатку ХХ стагоддзя”, салонныя гульні. Фонавае суправаджэнне – гурт “Vinyl Crowd”.

20.00 – 21.00 – майстар-клас па танцах пачатку ХХ стагоддзя.

21.00 – 23.00 – музычная праграма: Паліна Рэспубліка, гурт “Сундук”.