"Новы Замак" у Гародні

Гародня ўвесь час знаходзілася ў авангардзе літаратурнага жыцця Беларусі. Пачынаючы з часоў “нашаніўства”, калі тут арганізаваўся гурток беларускай моладзі, першая суполка для знакамітай Зоські Верас, да эпохі БНР, шасцідзясятніцтва Васіля Быкава і Аляксея Карпюка, Дануты Бічэль, трывалых цэнтраў беларушчыны на падворку Ларысы Геніюш ў Зэльве, у музеі Алеся Белакоза ў Гудзевічах – і аж да 1980-х, калі ў Гродне з’явілася суполка постмадэрністаў Юры Пацюпы, Андрэя Пяткевіча, Юры Гуменюка, Эдуарда Мазько. Жыццё на памежжы сутыкала гарадзенскіх літаратараў з польскай, літоўскай, рускай культурамі, што дабратворна ўздзейнічала на іх творчую манеру і светапогляд.

У 2010-я гады Гродна застаецца пунктам прыцягнення творчых сіл, нягледзячы на моцную і традыцыйную для Беларусі цэнтралізацыю ў Мінску. Тут ствараюць нацыянальную літаратуру паэты і празаікі, барды і крытыкі, перакладчыкі і эсэісты.

24 сакавіка а 18.00 у Цэнтры гарадскога жыцця #uCentry, вул. Савецкая, 3 (Гродна) адбудзецца прэзентацыя чарговага нумару літаратурнага альманаха гарадзенскай філіі ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" "Новы замак". У імпрэзе возьмуць удзел аўтары і рэдактары выдання Сяргей Астравец, Анатоль Брусевіч, Валянцін Дубатоўка і інш.

Уваход вольны.