Новыя кнігі Альгерда Бахарэвіча і Юлі Цімафеевай

Тэатр ценяў у вершах і прозе. Прэзентацыя новай кнігі Альгерда Бахарэвіча “Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры” і новага зборніка вершаў Юлі Цімафеевай “Цырк”. Гасцямі імпрэзы, акрамя аўтараў:

паэт Андрэй Хадановіч,

выдавец Зміцер Колас,

рэдактарка і перакладчыца Алена Пятровіч,

паэт і музыка Уладзь Лянкевіч,

пісьменнік, мастак і выдавец Адам Глобус,

філосаф Валянцін Акудовіч.

19 снежня ў кнігарні "ЛогвінаЎ" (Незалежнасці, 37а). Пачатак – 19.00. Уваход вольны.

Крыху пра кнігі. “Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры” – такую назву мае кніга Альгерда Бахарэвіча, прысвечаная францускай сталіцы. Па адной вокладкай: эсэ пра сляды белліту на парыжскіх вуліцах, разважанні пра беларуска-францускія культурныя пустоты, апавяданне пра магілу Нестара Махно і шмат іншага: фікшн і нон-фікшн, міфы і праўда, наш Парыж – і іхні Менск…

“Цырк” – другі зборнік вершаў Юлі Цімафеевай: старыя і новыя тэксты, у якіх сплялося ўсё тое балючае, асабістае, грамадзкае і прыватнае, бачнае і непрыкметнае, што хвалявала аўтарку цягам апошніх гадоў. На арэне ўнутранага цырку Юля Цімафеева працягвае назіраць за дрэсіроўшчыцай-мовай і яе ўладай над чалавекам, за клаўнадай беларускай сучаснасці, за акрабатыкай цялеснага і паэтычнага ў сабе.

Абедзьве кнігі напісаныя сёлета, пераважна ў Парыжы, дзе аўтар і аўтарка працавалі ў культурным цэнтры Centre International de Recollettes.

Паводле прэс-рэлізу