Паэтычны велашпацыр “Рэйк’явік-Уэлінгтан”

5 верасня ў кнігарні “логвінаЎ” адбудзецца прэзентацыя кнігі вершаў новазеландскай  паэткі Хінемааны Бэйкер “Выкапні” і ісландскага барда Адальстэйна Аўсберга “Апошні колер лета”. З удзелам перакладчыц Марыі Мартысевіч і Марыі Пушкінай.

Пачатак прэзентацыі а 20-00.  У 20-30 – паэтычныя чытанні на ганку кнігарні для ўдзельнікаў велаэкскурсіі “Мінскія кнігарні”.

Кнігарня “Логвінаў” (Незалежнасці, 37а). Уваход (і заезд) – вольны.

Крыху пра кнігі і аўтараў.

"Выкапні" - зборнік вершаў, замяшаны на сакавітых вобразах і метафарах,  якія можа спарадзіць адно Палінэзія, апавядае пра пошукі каранёў, пошукі сябе, пошукі ідэнтычнасці. Аўтарка кнігі Хінэмаана Бэйкер – паэтка, музыка, прадусарка з Новай Зэляндыі. Нарадзілася ў горадзе Крайстчэрч, жыла ў гарадах Факатанэ і Нэльсан. Дыплямаваная мовазнаўца (мова маоры), выпускніца жаночых студыяў ва Ўнівэрсытэце каралевы Вікторыі ў Ўэлінгтане. У 2002 годзе атрымала тамсама ступень магістра творчага пісьма. Аўтарка трох кніг паэзіі. Два ейныя вершы былі прызнаныя вершамі году ў Новай Зэляндыі (2004 і 2006). Выступае на радзіме як музыка ў складзе поп-фолк-трыё “Taniwha”. Піша па-ангельску і на маоры.

Адальстэйн Аўсберг нарадзіўся ў 1955 годзе ў горадзе Хусавік на поўначы Ісландыі. Скончыў Камерцыйны каледж ў Рэйк'явіку, дзе вывучаў ісландскую мову, музыку і акцёрскае майстэрства. Дэбютаваў у 1977 годзе паэтычным зборнікам "Неруш" ("Ósánar lendur"), з таго часу апублікаваў цэлы шэраг кніг паэзіі, перакладаў, адзін раман і больш за тузін дзіцячых кніг. У 2014 годзе быў у Мінску, чытаў свае вершы на Стральцоўскім фестывалі, фотаграфаваў стары будынак Цэха, бо настроем будынак супадае з настроем яго паэзіі. Сам Азальстэйн Аўсберг таксама займаецца музыкай. а яшчэ ён аўтар словаў да песні "Eitt lag enn" ("Яшчэ адна песня"), з якой Ісландыя заняла 4-ае месца на Еўрабачанні-1990 (і на той момант гэта быў найлепшы вынік Ісландыі),  а гурт "Stjórnin" урэшце стаў папулярны.

Паводле прэс-рэлізу