Прэзентацыя факсімільнага выдання Тураўскага Евангелля

Прэзентацыя факсімільнага выдання помніка старажытнаславянскага пісьменства XI стагоддзя Тураўскага Евангелля пройдзе ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя Леніна 10 лістапада, паведамілі ва ўстанове культуры.

Тураўскае Евангелле з'яўляецца самым старажытным помнікам кніжнай культуры, створаным на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Рукапіс быў знойдзены ў 1865 годзе ў Тураве і з тых часоў знаходзіцца на пастаянным захоўванні ў Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх (Вільнюс). Помнік уяўляе сабой Евангелле з дадатковымі запісамі, дзве з якіх былі зробленыя ў пачатку XVI стагоддзя ад імя князёў Астрожскіх.

Факсімільныя копіі помніка славянскага пісьменства былі надрукаваныя ў нашай рэспубліцы па ініцыятыве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі накладам 500 асобнікаў з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій. Перавыданне Тураўскага Евангелля стала працягам доўгатэрміновага праекта кампаніі Xerox і Нацыянальнай бібліятэкі па ўзнаўленні беларускіх помнікаў пісьменства і азнаямлення з імі шырокай грамадскасці. Па гэтым праекце ў 2012 годзе быў выдадзены віленскі «Буквар» 1767 года — самы ранні з тых, што захаваліся, беларускіх буквароў. У далейшым плануецца працягнуць рэалізацыю падобных праектаў і выпусціць факсімільныя копіі іншых унікальных помнікаў кніжнай культуры.

Падчас прэзентацыі адбудзецца цырымонія дарэння ўнікальнага выдання бібліятэкам і музеям Гомельскай вобласці.