Прэзентацыя кнігі Кірыла Стаселькі

6 траўня ў 19:00 у прасторы «Кніжная шафа» (пр-т Дзяржынскага 9, Мінск) Кірыл Стаселька прэзентуе кнігу “Дзіцячы маніфест”, якая сёлета была намінаваная на чатыры літаратурныя прэміі.

Імпрэза будзе цікавай як для тых, хто яшчэ не знаёмы з творчасцю аўтара, так і для тых, хто ўжо паспеў прачытаць “Дзіцячы маніфест”. Аўтар распавядзе пра сваю кнігу, пра змены звязаныя з яе выхадам, падзеліцца ўяўленнямі аб сваіх імпрэзах у гарадах Беларусі, рэакцыю на яе чытачоў і тое, як ужо патрапіў у школьны падручнік.

Госці мерапрыемства будуць мець магчымасць набыць кнігу ды атрымаць аўтограф аўтара. Тыя ж, хто ўжо знаёмы з “Дзіцячым маніфестам”, будуць мець магчымасць задаць пытанні аўтару ды пагутарыць з ім пра кнігу.

 

Звесткі пра кнігу:

“Дзіцячы маніфест” – спроба аўтара знайсці межы і магчымасці чалавечай свабоды ў грамадстве, зразумець асаблівасці Рубікону, які палягае між нормай і вар’яцтвам.

У кнізе вы сустрэнеце французскага пісьменніка, цела якога знутры разрываецца ад ціску ўласнага Эга, чалавека, чыя рэальнасць і сон зліваюцца, мастака, чыя галава аддзялілася ад цела, ды шмат іншых герояў, якія па-рознаму намагаюцца напісаць маніфест свайго “Я”.

Літаратурны крытык Дар’я Латышава ў сваёй рэцэнзіі на кнігу адзначае:

"Гэта вельмі спецыфічнае чытво для падрыхтаванага чытача, якое, нягледзячы на невялікія аб’ёмы, не прачытаеш з наскоку за вечар ці ў грамадскім транспарце. «Дзіцячы маніфест» трэба «каштаваць» па-ступова, па сказе, слоўцу, літары, перачытваць некалькі разоў."

"...грунтоўная адукацыя маладога пісьменніка пакінула вельмі заўважны адбітак на яго творчасці, таму патрабуе ад чытача не меншай дасведчанасці і высокай інтэлектуальнай падрыхтоўкі."

                                                                                                                         

Звесткі пра аўтара:

Стаселька Кірыл нарадзіўся ў 1990 годзе ў Барысаве. У 2013 скончыў Факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ па спецыяльнасці “Сацыялогія”, у 2014 Магiстратуру Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў пры НАН РБ. З’яўляецца выпускніком Беларускага калегіўма, Лятучага ўніверсітэта, Школы маладога пісьменніка ГА “Саюз беларускiх пiсьменнiкаў” і Школы маладых мэнэджэраў публічнага адміністравання (Беларусь, Швецыя).

На дадзены момант навучаецца ў аспірантуры Акадэміі навук, з’яўляецца дырэктарам “Агенцтва інфармацыйных тэхналогій “Буцэфал”, кіраўніком інтэрнэт-часопіса infographer.by і каардынатарам праекта “Народны журналіст” ды кампаніі “Чытаем беларускую”.

Публікаваўся ў такіх часопісах, як “Дзеяслоў”, “Маладосць”, “Паміж”, “pARTtisan”, а таксама ў зборніку “Параходзік сучаснасці”.