Прэзентацыя кнігі Рышарда Капусцінскага ў Мінску

Прэзентацыя беларускага перакладу кнігі караля рэпартажнай журналістыкі Рышарда Капусцінскага “Чорнае дрэва. Афрыканская ліхаманка” з удзелам перакладчыка Яўгена Салейчука. Чакаецца, што ў прэзентацыі возьме ўдзел Святлана Алексіевіч.

8 мая. Прэс-клуб (вуліца Веры Харужай, 3-601). Пачатак а 18. Уваход – вольны.

Пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Польскага Інстытуту ў Мінску

Прэзентацыя кнігі стане заключным этапам майстар-класаў "Рэпартаж: сакрэты прафесійнага майстэрства", якія пройдуць 7-8 траўня ў Пінску і Мінску. Арганізатары майстар-класаў - Амбасада Польшчы ў Беларусі і Журналісцкая майстэрня Прэс-клуб.

Крыху пра кнігу. Народжаны ў беларускім Пінску, Рышард Капусцінскі – легенда польскай рэпартажнай журналістыкі, вандраўнік і пісьменнік, вядомы ва ўсім свеце. Час, апісаны ў гэтай кнізе, –  пераломны  для асэнсавання свайго шляху і уласнага месца ў жыцці чалавецтва. Кніга пра крывавыя рэвалюцыі, выпадковыя перамогі і паразы, расавы антаганізм, голад, эпідэміі, карупцыю, галечу. І пра невымоўную прагу жыцця.

Кніга пра афрыканскі космас, усё яшчэ не дарэшты зведаны і зразумелы еўрапейцам. Там велічная прыгажосць прыроды суседнічае з дзікунскім убоствам чалавечага жыцця. Цень і вада каштоўнейшыя за ўсе скарбы свету. І расавыя забабоны мацнейшыя чым дзе.

Кніга выйшла ў выдавецтве “Логвінаў”. 

Паводле прэс-рэлізу