Прэзентацыя музычнага праекта «Песні Матчыны з Вушаччыны»

26 лютага, да дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна (нарадзіўся 24 лютага 1935 года), у Палацы культуры ветэранаў (вул. Янкі Купалы, 21) адбудзецца вялікі канцэрт і прэзентацыя CD-дыску новага супольнага праекту беларускіх музыкаў «Песні матчыны з Вушаччыны».

baradulin

У беларускай музычнай прасторы ўжо склалася традыцыя стварэння супольных музычных праектаў. Усе мы ведаем цудоўныя песні з альбомаў «Я нарадзіўся тут», «Святы вечар», «Народны альбом».

Новым праектам, які працягвае традыцыю сумеснай творчасці беларускіх музыкаў, стала складанка «Песні матчыны з Вушаччыны».

Гэты праект аб’яднаў музыкаў вакол асобы Рыгора Барадуліна — народнага паэта Беларусі. «Песні матчыны з Вушаччыны» — пераасэнсаванне і аднаўленне вушацкіх песень, якія Рыгору Барадуліну ў дзяцінстве спявала яго маці. Гэтыя песні натхнялі і суправаджалі паэта ўсё жыццё.

У праекце прымаюць удзел гурты «Re1ikt», «Vuraj», «Harmonic Style Project», «Варган», Ірэна Катвіцкая, Вера Саламонік і Ілона Лесь, хор «Салютарыс», Віктар Сямашка, Міхась Скобла.

Грошы на запіс дыску і падрыхтоўку канцэртнай прэзентацыі збіраліся з дапамогай краўдфандынгавага праекта на Talaka.by. Карыстальнікі платформы актыўна падтрымалі ідэю, і праект сабраў 85% ад неабходнай сумы (2750 беларускіх рублёў).

Інтэрнэт-прэзентацыя новага супольнага музычнага праекту «Песні матчыны з Вушаччыны» адбудзецца за тыдзень да канцэрту. На мерапрыемстве 26 лютага спонсары праекту змогуць атрымаць CD-дыскі, а наведнікі — пачуць песні нажыва і набыць складанку.

Зборнік «Песні Матчыны з Вушаччыны» — выдатны праваднік па роднай для паэта Вушаччыне. Тут ёсць абрадавыя песні, напеўкі, смяшынкі-казытушкі: шчымлівыя і гуллівыя, дасціпныя і каларытныя, сціплыя і скаромныя.

Паслухайце прэм’еру першай песні праекту з назвай «Ой, лятала». Гэта народны спеў з Вушачаў, які вельмі любіў Рыгор Барадулін і яго маці Акуліна Андрэеўна. Песня ў выкананні гурта «Vuraj» і вакаліста гурта «Re1ikt» Уладзіміра Казлова загучала цяпер у фолк-рок аранжыроўцы.

26 лютага, 19.00, Палац культуры ветэранаў, (вул. Янкі Купалы, 21).

Кошт квіткоў: 14 і 18 рублёў. Кропкі продажу і касы глядзіце на ByCard.by.
Квіткі таксама можна набыць анлайн на ByCard.by.

Кантактныя тэлефоны па ўсіх пытаннях: +37529 5657218, +37529 6517898.
Сачыць за навінамі канцэрта можна праз суполкі «УКантакце» і на «Фэйсбуку»