Прэзентацыя новай кнігі Андрэя Хадановіча

Вечарына «Восемдзесят хвілін вакол свету: каляднае падарожжа», у межах якой адбудзецца прэзентацыя новай кнігі вершаў «Цягнік Чыкага-Токіа»

Аўтар прачытае новыя вершы й заспявае “замежныя” песні, пераклады якіх таксама ўвайшлі ў кнігу.

23 снежня, Мінск, галерэя "Ў" (Мінск, пр-т Незалежнасці, 37а). Пачатак а 20-й. 

Перад вечарынай, а 19.30, адбудзецца аўтограф-сесія ў кнігарні «ЛогвінаЎ».

«Цягнік Чыкага-Токіа» — амаль кругасветнае падарожжа ў таварыстве мёртвых паэтаў, жывых празаікаў і перакладзеных бардаў, каліфарнійскіх геяў ды ісландскіх гейзераў, шэрых аёўскіх вавёрак і чырвоных латышскіх стралкоў. Аўтар раскажа пра святы працоўных амерыканцаў і будні айчынных дармаедаў, пакажа, як галандскія чыпсы ператвараюцца ў дзюймовачку, барселонскія галубы — у папугаяў, а беларускія літары — у грузінскія. Падарожжа пачынаецца ў Парыжы, дзе няма 38-га тралейбуса, і заканчваецца ў Мінску, дзе ён ёсць. Напрыканцы, як заўжды, хэпі-энд і Каляды.

Малюнкі — Райнхарда Кляйста.