Прэзентацыя зборніка “Гісторыя гандлю ў Беларусі” з Захарам Шыбекам

Цэнтр вывучэння гісторыі гандлю і група кампаній “Менка” запрашаюць ўсіх зацікаўленых наведаць прэзентацыю зборніка матэрыялаў канферэнцыі “Гісторыя гандлю ў Беларусі”, якая адбудзецца 17 кастрычніка (пятніца), а 19-ай гадзіне ў кнігарні ЛогвінаЎ, па адрасе пр. Незалежнасці, 37а.

menka_vokl_8Удзел у прэзентацыі возьме вядомы беларускі гісторык, навуковы кіраўнік праекта “Гісторыя гандлю ў Беларусі”, прафесар Захар Шыбека.

14-16 лістапада 2013 года ў Мінску прайшла Першая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Гісторыя гандлю ў Беларусі” (ад старажытнага часу да канца ХХ ст.): праблемы вывучэння і перспектывы даследавання”.

На працягу трох дзён 37 навукоўцаў з Беларусі, Германіі, Ізраіля, Расіі, Украіны распрацоўвалі дагэтуль занядбаны і слабавывучаны ў беларускай гістарычнай навуцы накірунак. Удзельнікі канферэнцыі прадэманстравалі тэматычную разнастайнасць праблемы, яе самыя нечаканыя нюансы. У ходзе навуковых дыскусій звярталася ўвага на важнасць вывучэння такіх праблем як фармаванне рынка спажывання і чалавечы фактар у гандлёвай дзейнасці. У апошні дзень да працы канферэнцыі далучыліся 10 мінскіх археолагаў, якія прысвяцілі асаблівую ўвагу праблеме генезісу гандлю.

Канферэнцыя стала першым крокам для ажыццяўлення маштабнага доўгатэрміновага навуковага праекта “Гісторыя гандлю ў Беларусі”, які быў ініцыяваны групай кампаній “Менка” і ажыццяўляецца Цэнтрам вывучэння гісторыі гандлю.

Сёння мы рады прэзентаваць вам першы матэрыяльны вынік нашай працы!

Упершыню пад адной вокладкай выходзяць у свет навуковыя артыкулы прысвечаныя выключна гісторыі беларускага гандлю, якія ахопліваюць перыяд ад глыбокай старажытнасці, да пач. ХХІ стагоддзя. Мы ўпэўненыя, што дадзенае выданне стане карысным як для адмыслоўцаў у галіне эканамічнай гісторыі Беларусі, студэнтаў гістарычных і эканамічных спецыяльнасцяў, гэтак і ўсім, хто цікавіцца эканамічнай гісторыяй і назапашаным досведам прадпрымальніцтва ў Беларусі.

Цэнтр вывучэння гісторыі гандлю

ТАА “Інстытут рознічных тэхналогій “Менка”