“Ракуцёўскае лета – 2016”

Улетку 1911 года пасля амаль 15-гадовага растання Максім Багдановіч нарэшце вярнуўся на родныя беларускія землі. Прыветным, цёплым, утульным куточкам, дзе малады паэт правёў летнія месяцы, стала Ракуцёўшчына. Тут, у ваколіцах фальварка Вацлава Лычкоўскага, Максім Багдановіч знайшоў сапраўдную крыніцу для натхнення – жыццё беларускай вёскі. Навокал гучала жывая родная мова, якой паэт імкнуўся авалодаць з найбольшай дасканаласцю.

Летнія водары лугоў, бруенне крыніц, шапаценне лясоў, птушыныя спевы… Усё гэта адгукалася ў душы паэта. І няспыннай плынню ліўся з-пад рукі радок за радком на старонкі. А неўзабаве тоўсценькі сшытачак, спярэшчаны раўнюткім почыркам, стаўся асновай адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў Максіма Багдановіча “Вянок”. Менавіта побыт у Ракуцёўшчыне і падарожжа да яе дапамаглі Максіму яшчэ глыбей акунуцца ў вір беларускай гісторыі, сапраўднага вясковага жыцця з няспынна гаваркімі сябрамі, суседзямі, вяскоўцамі. І з такой чароўнай летняй прыродай!


У гэты незабыўны мікракосмас ліпеньскай Ракуцёўшчыны Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае даўніх сяброў і усіх, хто хоча апынуцца ў атмасферы сапраўднага шляхецкага фальварка стогадовай даўніны. Хто ведае, мо, няўлоўнае натхненне, што і дагэтуль невычарпальнай крыніцай струменіць поруч з маладзечанскай вёсачкай, запануе над усімі, хто пройдзе сцежкамі геніяльнага беларускага паэта.


Праграма Свята паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета − 2016”:


11.00 − прывітальная імпрэза каля памятных камянёў; 
12.00 − літаратурна-музычная імпрэза, у якой прымаюць удзел вядомыя дзеячы культуры і мастацтваў Беларусі: пісьменнікі – Навум Гальпяровіч, Людміла Рублеўская, Людміла Хейдарава, Валярына Кустава, Юля Цімафеева, Андрэй Хадановіч, Зміцер Арцюх, Таццяна Нядбай, Серж Мінскевіч, музыкі – Алесь Камоцкі, Вольга Акуліч, Алеся Сівохіна.

Філіял “Фальварак Ракуцёўшчына”
(в.Ракуцёўшчына, Маладзечанскі р-н, Мінская вобл., тэл. 8 0176 7 96 1 41)

Літаратурны музей М.Багдановіча
(г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а, тэл. 334 07 61, 334 42 69)