Развітанне з кнігарняй «Галіяфы»

11 лютага 2015 года адбудзецца імпрэза-развітанне з кнігарняй «Галіяфы». Гэта была здзейсненая мара, якая праіснавала пяць месяцаў 2014 года — ад 14 сакавіка да забароны гандлю напрыканцы ліпеня.

Да апошняга моманту яе стваральнікі не пакідалі надзеі выратаваць культурніцкую прастору. Спадзяваліся, што змогуць па-ранейшаму праводзіць шматлікія прэзентацыі, выставы, перформансы, семінары, пасяджэнні літаб’яднання «Вобла» і г. д. На жаль, не атрымалася. Гандаль у гэтым месцы забаранілі, а кошт арэнды расце. Беларуская кнігарня на Валгаградскай, 4а зачыняецца. Тым не менш, «Галіяфы» спадзяюцца на аднаўленне сваёй культурніцкай пляцоўкі ў іншым месцы. Запрашаем нашых чытачоў прыйсці і падтрымаць нас. Пастараемся Вас парадаваць нечаканымі падарункамі ад выдавецтва!

У імпрэзе возьмуць удзел: Зміцер Вішнёў, Аляксей Харужка, Альгерд Бахарэвіч, Юля Цімафеева, Андрэй Хадановіч, Уладзімір Арлоў, Вольга Гапеева, Сяргей Сыс, Ілля Сін, Віктар Жыбуль, Аляксей Палачанскі, Адам Шостак ды іншыя.

У самы актыўны перыяд дзейнасці кнігарні «Галіяфы» тут адбывалася да 10 імпрэз на месяц. Адбыліся прэзентацыі кніг Альгерда Бахарэвіча, Адама Глобуса, Сяргея Абламейкі, Аляксандра Лукашука, Анатоля Кудласевіча, Анастасіі Касцюкевіч, Віктара Лупасіна, Кацярыны Глухоўскай, Анатоля Трафімчыка, Пётры Джужджа, Аляксея Палачанскага, Ягора Nebo, Віктара Сямашкі, Яна-Тры-Ён, Рыгора Барадуліна, Алеся Емяльянава, Алены Мікульчык, Аляксандра І. Бацкеля, Змітра Гуда, Віктара Жыбуля і г. д.

Зладзілі прэзентацыі штогадовіка «Вілейскі павет».
Прайшла прэзентацыя гістарычнага часопіса «Mowia wieki»
Адбылася сустрэча с сябрамі кніжнага праекта «Галерэя ўральскай літаратуры».
Прайшла фотавыстава супраць смяротнага пакарання «Высшая мера».
Адбылася літаратурная сустрэча З. Вішнёва і В. Акудовіча для гасцей са Швейцарыі.
Дзейнічала літаратурная кавярня.
Адбыўся творчы вечар Наталлі Нікіцінай і Вольгі Акуліч.
Урачыстая імпрэза з нагоды віншавання пераможцаў конкурсу Найлепшая рэгіянальная газета года 2014. Арганізавана праз Асацыяцыю выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя масмедыі».
і шмат чаго іншага.

11 лютага, 18:00, Менск, Валгаградская, 4А, ст. м. Маскоўская

facebook.com