Спектакль “Шабаны” паводле Альгерда Бахарэвіча

27 верасня, 19:00 
РТБД (Мінск, вул. Крапоткіна, 44)

Спектакль “Шабаны” – першая ў Беларусі сцэнічная версія паводле рамана сучаснага беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча “Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення”, напісанага ў эміграцыі ў 2012 г.

Гэта і гісторыя маладога беларускага пісьменніка, які доўгі час пражыў у Германіі і пасля вярнуўся на Радзіму. І гісторыя маладой беларускай жанчыны, у якой раптоўна знік муж.  Гэта і гісторыя ШАБАНОЎ – мікрараёна г. Мінска.

Усе гэтыя гісторыі ў спектаклі аб’ядноўвае тэма Радзімы, у якой гучыць галоўная праблема – праблема эміграцыі і вяртання.

“…Калі пакідаеш нейкае месца і пасля вяртаешся – ці вяртаешся туды, дзе быў? Ці гатовыя жыхары гэтага месца прыняць цябе новага? Ці магчыма ўвогуле некуды вярнуцца?…”

У спектаклі занятыя студэнты 4-га курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (творчая майстэрня заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь  Л.А. Манаковай).