Спрадвечныя песні беларускіх мужчын

Як гучыць «Рада», можна будзе пачуць 18 красавіка ў Музеі Янкі Купалы ў Мінску (вул. Янкі Купалы, 4). Пачатак а 18.00.

Адзін з удзельнікаў гурта Васіль Мардачоў распавёў, што ў альбом увайшлі застольныя, шыхтовыя, рэкруцкія песні, запісаныя на Палессі — у асноўным на Століншчыне і Тураўшчыне.

Збіралі іх самі выканаўцы. 

«Мы стараліся не паўтарацца, шукаць такія песні, варыянтаў якіх не сустракалі ў ранейшых запісах», — кажа спадар Васіль. Песні прагучаць, вядома ж, на палескім дыялекце.

«Рада» не прывязаная ні да якой філармоніі, дома культуры ці фальклорнай студыі. Гэта гурт людзей, проста шчыра зацікаўленых народнай творчасцю.

У «Радзе» спяваюць прадпрымальнікі, рабочы з МАЗа, супрацоўнік камп’ютарнай фірмы…

Цікава, што ў гурце, апроч чатырох мужчын, ёсць адна жанчына.