“Струны сэрца чыстага”. Канцэрт-мемарыял Барадуліна і Бураўкіна

10 лістапада 2015 г. у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца канцэрт-мемарыял паэтаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна “Струны сэрца чыстага”. Ідэя правядзення мемарыяльнай вечарыны належыць народнаму артысту Беларусі, дырыжору Міхаілу Казінцу – выдатнаму музыканту і глыбокаму знаўцу беларускай літаратуры і паэзіі. Творчасць вялікіх паэтаў беларускай зямлі Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна заўсёды адыгрывала вялікую ролю ў творчай дзейнасці маэстра Казінца, у фарміраванні яго светапогляду.

12088342_1043839405640776_7675157379079250905_n

– Любоў да беларускай паэзіі прыйшла да мяне ў далёкія 60-я гады пад уплывам вершаў Барадуліна і Бураўкіна, – гаворыць Міхаіл Казінец. – Мы былі з аднаго пакалення, а з Генадзем Бураўкіным яшчэ і сябравалі. Рыгор Барадулін – першаадкрывальнік новых даляглядаў у лексіцы паэзіі. У яго вершах рассыпаны рызынкі народнага гумару. Генадзь Бураўкін – паэт-лірык, але і ў ранняй, і ў позняй лірыцы ён заўсёды паўстае вялікім філосафам і грамадзянінам. І Барадулін, і Бураўкін – гэта носьбіты беларускасці, абодва вельмі тонка адчувалі беларускую мову. Лёс распарадзіўся так, што яны пайшлі з жыцця амаль адначасова, адзін за адным – вясной 2014 года…

Канцэрт “Струны сэрца чыстага” будзе складзены з 2-х аддзяленняў. У 1-м прагучаць песні на вершы паэтаў. У суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца будуць спяваць Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Зміцер Вайцюшкевіч, Ігар Задарожны, Андрэй Коласаў і іншыя артысты. Прагучаць галасы паэтаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна, якія будуць чытаць свае вершы.

У 2-м аддзяленні Міхаіл Казінец будзе дырыжыраваць Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі. Для выканання абрана Шостая сімфонія Андрэя Мдывані “Полацкія пісьмёны” – твор, які апавядае пра выдатных дзеячоў старажытнасці – Ефрасінню Полацкую і Францыска Скарыну. Постаці нашых вялікіх сучаснікаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна нібы становяцца ў адзін шэраг з гэтымі вялікімі гістарычнымі асобамі…

Квіткі on-line