Сустрэча з Алесем Гібок-Гібкоўскім

22 чэрвеня а 18:00 у актавай залі мінскага вышэйшага радыётэхнічнага каледжу (пр-т Незалежнасці, 62) адбудзецца літаратурная сустрэча з Алесем Гібок-Гібкоўскім. У межах імпрэзы — прэзентацыя дзвюх новых кніг: "Дакрануцца да неба" (вершы) і "Навучыцца любіць" (філасофскі дзённік).

Уваход вольны.

Гібкоўскі Аляксандр Сямёнавіч (Алесь Гібок-Гібкоўскі) Нарадзіўся 1 лютага 1952 года ў вёсцы Рупейкі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. Вучыўся ў Рупейскай, Ясенавіцкай і Ізабелінскай школах. У 1971 годзе закончыў Мінскі машынабудаўнічы тэхнікум. Служыў тэрміновую воінскую службу ў Савецкай Арміі з 1971 па 1973. З 1974 па 1990 працаваў інжынерам, канструктарам у шэрагу мінскіх канструктарскіх бюро. У 1995 скончыў  з адзнакай філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. З 1990 года працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў школах Мінска,  а з 1993 года  рэдактарам аддзела літаратуры беларускага часопіса "Роднае слова". З 1996 года па  2005 год  — рэдактар аддзела часопіса "Беларусь". З 1997 года па 1999 год адначасова працаваў у штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва", дзе стаў лаурэатам прэміі гэтага штотыднёвіка за 1997 году за лепшую публіцыстычную публікацыю. З 2005 года  па 2007 год  —  рэдактар аддзела ў часопісе "HORIZONS/ГОРИЗОНТЫ".

Першыя творы былі апублікаваныя ў газеце "Чырвоная змена" ў 1991 годзе.  Лаўрэат прэміі "Залатое пяро" БСЖ,  прэміі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2008 года.