Сустрэча з італьянскай пісьменніцай Карлай Форна

Літаратурная сустрэча і прэзентацыя кнігі

“Любімыя пакоі. Падарожжа ў дамы выбітных творчых асоб”

італьянскай пісьменніцы, даследчыцы літаратуры Карлы Форна

(сумесна з Пасольствам Італіі ў Рэспубліцы Беларусь)

9 лютага а 16-й гадзіне Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа сумесна з Пасольствам Італіі ладзіць літаратурную сустрэчу і прэзентацыю кнігі “Любімыя пакоі. Падарожжа ў дамы выбітных творчых асоб” італьянскай пісьменніцы Карлы Форна.

Доктар філалогіі, даследчыца літаратуры, празаік і паэтка, Карла Форна з 1986 г. з’яўляецца кіраўніком Нацыянальнага цэнтра вывучэння творчасці італьянскага драматурга Віторыё Альф’еры (цяпер – Фонд “Цэнтр вывучэння творчасці Віторыё Альф’еры”), які размяшчаецца ў г. Асці ў Палаца Альф’еры – тым самым будынку, дзе нарадзіўся “бацька італьянскай трагедыі”.

У Мінск італьянская пісьменніца прывезла для прэзентацыі на ХХІІІ Міжнародным кніжным кірмашы сваю нядаўнюю кнігу “Любімыя пакоі. Падарожжа ў дамы выбітных творчых асоб”, выдадзеную летась у рымскім выдавецтве “Арахне”. Вельмі сімвалічна, што прадстаўляць кнігу, якая пакуль не перакладзена з італьянскай мовы, Карла Форна будзе менавіта ў доме-музеі Якуба Коласа, у “любімых пакоях” народнага паэта Беларусі, якія былі сведкамі апошніх гадоў яго жыцця.

“Любімыя пакоі”, згаданыя ў кнізе, − тыя, праз якія прайшлі падчас уяўных размоў аўтар кнігі і студэнтка з Кіёта, што прыехала ў Асці дзеля вывучэння творчасці класіка італьянскай літаратуры Віторыё Альф’еры. Падчас штодзённых сустрэч як у Палаца Альф’еры, так і ў іншых культурных мясцінах горада вымалёўваецца ідэальнае падарожжа па дамах-музеях розных творцаў: ад Альф’еры да Гётэ і Шылера, Вагнэра і Ліста, Андэрсэна і братоў Грым, Пучыні і Пàскалі, Вердзі і Мандзоні. Дамы як сведкі жыцця, раз за разам атаясамліваюцца з бібліятэкай, гасцёўняй, садам, тэатрам, магілай. “Погляд здалёк” дзяўчыны-іншаземкі ў перспектыве адкрывае самыя шырокія далягляды культурнай Еўропы, што імкнецца пераадолець межы.

Шчыра запрашаем спецыялістаў-музеязнаўцаў, супрацоўнікаў мемарыяльных музеяў, а таксама ўсіх неабыякавых да набыткаў айчыннай і сусветнай культуры прыняць удзел у сустрэчы.

 

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!

Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

Тэл. для даведак: 284-15-84, 284-17-02

Афіцыйны сайт: www.yakubkolas.by