Сяргей Прылуцкі і Павал Касцюкевіч у Брэсце

Сяргей Прылуцкі прэзентуе кнігу вершаў Кім Чжун Хо “Патрыятызм для чайнікаў” у сваім перакладзе з паўночнакарэйскай, а Павал Касцюкевіч - сямейную сагу “План Бабарозы”.

31 кастрычніка. Прастора КХ, Халтурына 2\1, пачатак а 19. Уваход – вольны

Крыху пра кнігі.

Новая кніга вершаў Кім Чжун Хо "Патрыятызм для чайнікаў" у перакладзе з паўночнакарэйскай мовы Сяргея Прылуцкага. Да канца невядома, ці Кім Чжун Хо – сапраўднае імя і прозвішча аўтара, ці гэта псеўданім. Больш за тое, ніхто дагэтуль невядома, як ён выглядае, дзе нарадзіўся і вырас, і на якім этапе ён быў завочна прысуджаны ўладамі КНДР да смяротнага пакарання.Кнігу складаюць раней невядомыя тэксты, а таксама вершы са зборнікаў "Міністэрства ўнутраных органаў", "Патрыятызм для чайнікаў", "Зеляней, магілка!" і "Жылы і мазалі".

Раман “План Бабарозы” — гэта мілосны шасцікутнік, дзе менскі псіхатэрапеўт выбірае паміж каханай жанчынай і любай прабабуляй, і дзе фігуруюць яшчэ тры пацыенткі, якім былі выратаваныя жыцці. Гэта сямейная сага з моцным чухонска-галіцыйскім акцэнтам, дзе чатыры пакаленні прыбышоў усё жыццё навылёт заўзята аспрэчваюць мэтазгоднасць свайго перабывання ў Менску. Гэта найноўшая гісторыя Беларусі на прыкладзе адной мандражнай радзіны.