“Там пачынаецца паэзія…”

31 мая а 17 гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца  мерапрыемства Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Там пачынаецца паэзія…”, прымеркаванае да юбілеяў вядомых паэтаў з Магілёўшчыны – Сцяпана Гаўрусёва і Анатоля Сербантовіча.

Дзеці вайны яны валодалі магутнымі талентамі і хоць рана пайшлі з жыцця, пакінулі пасля сябе выдатныя ўзоры мастацкіх твораў, чым значна ўзбагацілі беларускую літаратуру 20-га стагоддзя.

Сцяпан Гаўрусёў нарадзіўся 10 мая 1931 г. ў вёсцы Нова-Аляксандраўка Дрыбінскага раёна, Анатоль Сербантовіч праз дзесяць гадоў – 13 мая 1941 года ў вёсцы Ордаць Шклоўскага раёна. Абодвух падтрымліваў і натхняў выдатны зямляк – паэт Аляксей Пысін. Лёс адвёў ім кароткі век Гаўрусёву – 57, а Сербантовічу толькі 29, але, нягледзячы на гэта, святло іх паэтычнага таленту і сёння азорвае шляхі прыхільнікам паэзіі і выклікае цікавасць у даследчыкаў.

 Творчая спадчына паэтаў змешчана ў паэтычных зборніках: у Гаўрусёва іх – 13, а ў Сербантовіча толькі 3.

 На імпрэзе ў вас будзе магчымасць:

› даведацца пра цікавыя факты з жыцця пісьменнікаў;

› натхніцца творамі паэтаў;

› пачуць успаміны тых, хто ведаў творцаў;

› пазнаёміцца з прэзентацыяй, прысвечанай пісьменнікам Магілёўшчыны.

Сапраўдныя паэты не вучацца паэзіі, яны ў ёй жывуць: сталеюць, здзяйсняюць, паміраюць. Так было ў Сцяпана Гаўрусёва і Анатоля Сербантовіча . Іх творчасць яркая і непаўторная, дакрануўшыся да яе аднойчы назаўсёды трапляеш у палон.

У мерапрыемстве возьмуць удзел: Віктар Карамазаў, Анатоль Вярцінскі, Мікола Чарняўскі, Васіль Шырко, Генадзь Пашкоў, Казімір Камейша, Леанід Галубовіч, Леанід Дранько-Майсюк і інш.

Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул.М.Багдановіча, 7а).

Кантактны тэлефон: (017) 334-56-21.

Куратар мерапрыемства: загадчык культурна-адукацыйнага аддзела Лідзія Шагойка.