Творчая сустрэча Уладзіміра Мароза ў Кіеўскім універсітэце

14 мая на запрашэнне Цэнтра беларускай мовы і культуры імя Уладзіміра Караткевіча пры Інстытуце філалогіі Кіеўскага нацыянальнага універсітэта імя Тараса Шаўчэнкі адбудзецца творчая сустрэча студэнтаў і магістрантаў спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура” з беларускім паэтам і кінадакументалістам Уладзімірам Марозам. У праграме сустрэчы прэзентацыі паэтычнага зборніка У. Мароза “Крыжы на ростанях” і дакументальнага фільма “Свет Караткевіча”, аўтарам сцэнарыя якога ён з’яўляецца.

Цэнтр беларускай мовы і культуры імя Уладзіміра Караткевіча аб’ядноўвае студэнтаў і магістрантаў спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура”, якая адкрыта ў Кіеўскім універсітэце з 2010 года. На сённяшні дзень па пяці курсах навучаецца каля 40 студэнтаў і магістрантаў.

Пачатак імпрэзы ў 13 гадзін у актавай залі Інстытута філалогіі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі.