Творчая сустрэча з Людмілай Рублеўскай

22 сакавіка а 19-й гадзіне ў кнігарні «Галіяфы» (вул. Старавіленская, 6, што ў Траецкім прадмесці) адбудзецца творчы вечар вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай. Нагода для яго вельмі знамянальная – у свет выйшлі адразу тры новыя кнігі аўтара!

За апошнія гады мала хто не чуў імёны Пранціша Вырвіча і Баўтрамея Лёдніка, знакамітых авантурыстаў. У гэты вечар Людміла Рублеўская прадставіць чацвёртую частку прыгодніцкай сагі, якая зусім нядаўна выйшла ў электроннай версіі. У кнізе авантурна-прыгодніцкага цыклу загонны шляхцюк Пранціш Вырвіч і полацкі доктар Баўтрамей Лёднік зноў выпраўляюцца ў прыгоды. На гэты раз яны трапляюць у Францыю, дзе Лёднік працуе разам з вядомым навукоўцам Жанам Жыліберам. Лёдніка ўцягваюць у таемнае таварыства, што займаецца злачыннымі аперацыямі на людзях. Пранцішу Вырвічу давядзецца рызыкнуць жыццём, каб вызваліць старэйшага сябра. А па вяртанні на радзіму – новыя прыгоды… Вас захопяць цудоўная мова і аўтарскі гумар, неверагодныя павароты сюжэту, захапляючая атмасфера стагоддзя “плашча і кінжалу”, сапраўдныя таямніцы беларускай гісторыі

Як сведчанне папулярнасці прыгод Вырвіча, упершыню з’явілася рускае выданне самай першай часткі гэтай неверагоднай кніжнай серыі – “Авантюры Прантиша Вырвича, школяра и шпика». Гэтая кніга мае папяровую і электронную версію. Спампаваць яе можна ўмомант на kniharnia.by.

Нарэшце, ад трэцяй кнігі Людмілы Рублеўскай проста не адарвешся. Гэта сапраўдная сенсацыя ў нашай літаратуры. “Дагератып” пачынаецца ў нашу эпоху: малады біёлаг Гальяш рыхтуецца з'язджаць за мяжу, але, разбіраючы рэчы ў дзедавай кватэры, знаходзіць стары дзённік… Перад чытачом паўстаюць таямнічыя падзеі канца XIX стагоддзя. Уладальнікі фотаатэлье правінцыйнага беларускага гарадка, прыгажуня Багуслава і яе бацька Варакса Ніхель, якія спецыялізуюцца на партрэтах post mortem - адлюстраваннях нябожчыкаў, вымушаныя выправіцца ў экспедыцыю, каб сфатаграфаваць неверагодную этнаграфічную калекцыю ў глухім і злавесным маёнтку Жухавічы. Цяперашняга ўладальніка маёнтка, князя Шымона Каганецкага, мясцовыя сяляне лічаць ваўкалакам. Дый Багуслава з бацькам зусім не тыя, за каго сябе выдаюць… Рамантычная і жудасная гісторыя знаходзіць разгадку толькі ў наш час.

Гэты прыгодніцкі раман выдадзены толькі ў электроннай версіі, дзякуючы чаму даступны заўсёды і паўсюдна – абы быў інтэрнэт.

Ніхто лепей за аўтара не распавядзе пра задумы і сэнс сваіх кніг.  Таму прыходзьце ў “Галіяфы” у светлы аўторкавы надвячорак і атрымайце асалоду ад сустрэчы з вельмі цікавым чалавекам – пісьменніцай Людмілай Рублеўскай. Добрыя кнігі і цёплыя аўтографы адмыслова для вас будуць забяспечаныя!