“Уладзімір Жылка – паслядоўнік Максіма Багдановіча”

 

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

 

Беларускі дзяржаўны архіў-музей

літаратуры і мастацтва

 

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

 

 Мастацка-дакументальная выстаўка

“Уладзімір Жылка – паслядоўнік Максіма Багдановіча”

да 115-годдзя з дня нараджэння У. Жылкі

 

Мы любім даўнія паданні,
Быліцы сівых песняроў.
Няхітры іх апавяданні
Аб справах мінулых часоў

 

Два паэты – Максім Багдановіч і Уладзімір Жылка. На першы погляд, іх падзяляе час, бо калі Уладзімір Жылка толькі пачынаў пісаць свае вершы, Максім Багдановіч ужо пайшоў з жыцця. Але, ўважліва прааналізаваўшы  біяграфіі паэтаў, можна заўважыць, колькі паміж імі блізкага, падобнага. Абодва паэты пражылі даволі кароткае жыццё: Максім Багдановіч памёр ў 25 з паловай гадоў, а Уладзімір Жылка ў 33 гады ад сухотаў. Абодва аднолькава аддана любілі сваю Радзіму. Усё жыццё Уладзімір Жылка лічыў Максіма Багдановіча сваім духоўным настаўнікам.

Язэп Святазар у сваім артыкуле “Новы Багдановіч”, параўноўваючы творчасць паэтаў, напісаў: “Прыглядаючыся да творчасці Жылкі, лічыш, што ягоным заданнем у беларускай літаратуры ёсць замена без часу загінуўшага М.Багдановіча, на што ён мае ўсялякія дадзеныя, будучы духоўна найбольш прыбліжаным да памерлага Маэстра”.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва адзначае 115-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Жылкі мастацка-дакументальнай выстаўкай “Уладзімір Жылка – паслядоўнік Максіма Багдановіча”.

На сёння архіў Уладзіміра Жылкі ў фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча налічвае 136 адзінак захавання. Сярод іх шмат цікавых і яшчэ невывучаных матэрыялаў, якія чакаюць сваіх даследчыкаў.

Каб больш падрабязна пазнаёміцца з жыццём і творчасцю Уладзіміра Жылкі, запрашаем наведаць выстаўку, на якой прэзентуюцца дакументы, фотаздымкі, матэрыялы з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

 

Адкрыццё выстаўкі адбудзецца 16 чэрвеня 2015 года ў 17.30

у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (г.Мінск, вул. М. Багдановіча, 7а). Выстаўка працуе да канца чэрвеня гэтага года.