«Усё для сваёй бацькаўшчыны — Беларусі». Вечарына ў Музеі Купалы

17 красавіка а 17-й гадзіне Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае на адкрыццё выставы «Усё для сваёй бацькаўшчыны — Беларусі», якая прысвечана 100-годдзю трэцяга паэтычнага зборніка Янкі Купалы «Шляхам жыцця».

Надрукаваны ў 1913 годзе ў Санкт-Пецярбургу, зборнік атрымаў высокую ацэнку як цэласная з’ява, сур’ёзны здабытак беларускай літаратуры, каштоўны найбольш тым, што ў «вершах Купалы чуваць радасць жыцця, якая як хваля чыстага свежага паветра пракацілася па ўсёй старане».

Экспануюцца экзэмпляры першага выдання з дарчымі аўтографамі аўтара, асобнікавыя перавыданні 1923 і 1935 гадоў, а таксама тамы прыжыцёвых збораў твораў паэта, у якіх зборнік друкаваўся цалкам.

Толькі падчас адкрыцця наведвальнікі музея атрымаюць унікальную магчымасць убачыць адзін з самых каштоўных экспанатаў — рукапісны зборнік, па якім сам паэт рыхтаваў да выхаду ў свет Кнігу, што адлюстравала глыбіню думкі і росквіт паэтычнага таленту Янкі Купалы.

Як ілюстрацыя да слоўных вобразаў-сімвалаў паэта экспануюцца мастацкія творы з фондаў музея: палотны Пятра Сергіевіча, у тым ліку аднайменнае зборніку «Шляхам жыцця», графічныя работы Анатоля Волкава, Анатоля Александровіча, Міхала Басалыгі, а таксама скульптурныя выявы Песняра, што стварылі Уладзімір Лятун і Лейба Роберман.

Ала Дражына