Вечар памяці Аляксея Пысіна

Бывай журба! Хоць многа страчана,

Хоць многіх блізкіх не стае,

Са мной душа і мова матчына

І песня вечная яе.                            

20 сакавіка 2015 года а 16.00 гадзіне ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН РБ адбудзецца сумеснае мерапрыемства Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і бібліятэкі “Мы свет нанова адкрывалі…”, прымеркаванае да 95-годдзя з дня нараджэння паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, заслужанага работніка культуры Беларусі Аляксея Васільевіча Пысіна.

Аляксей Пысін належыць да франтавога пакалення пісьменнікаў, такіх, як М. Аўрамчык, А. Вялюгін, К. Кірэенка, В. Быкаў і інш. Вайна пакінула незабыўны след у памяці паэта, стала цэнтрам яго творчасці. Матыў памяці, “пабрацімства мёртвых і жывых” праходзіць праз лепшыя паэтычныя творы мастака слова. У адлюстраванні вайны А. Пысін чымсьці блізкі да В. Быкава. Як для паэта, так і для празаіка, характэрнае ўзнаўленне падзей і абставін ваеннага часу, асвятленне іх маральнага і духоўнага сэнсу.   “Кожны мой верш, — сведчыў А. Пысін — мае біяграфію, нічога няма выдуманага”.

Нарадзіўся будучы творца 22 сакавіка 1920 года ў вёсцы Высокі Барок Краснапольскага раёна ў сялянскай сям’і. Першыя спробы пяра зрабіў яшчэ вучнем Высокаборскай сямігодкі. Свае вершы прынёс на суд земляку-паэту Петрусю Бядуліну, які працаваў тады ў рэдакцыі Краснапольскай раённай газеты «Чырвоны сцяг». У 1937 годзе, пасля заканчэння Палужскай сярэдняй школы актыўнага селькора  накіравалі на вучобу ў Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі імя С. М. Кірава. У верасні 1939 года студэнт другога курса Аляксей Пысін паехаў на працу ў горад Бельск на Беласточчыне. Там 22 чэрвеня 1941 года сустрэў вайну.

Гвардыі радавы Пысін прайшоў усю вайну сувязістам, удзельнічаў у баях на пяці франтах. Двойчы быў цяжка паранены. Узнагароджаны медалямі, у тым ліку медалём «За адвагу». Дзень Перамогі сустрэў у Латвіі.

Пасля вайны Аляксей Васільевіч працаваў журналістам Краснапольскай раённай газеты «Чырвоны сцяг», рэдактарам Чэрыкаўскай раённай газеты «Сацыялістычная перамога», з 1973 — супрацоўнік абласной газеты «Магілёўская праўда».

Пяру А. Пысіна належыць больш за дваццаць кніг паэзіі. Яго творы перакладзены на рускую, украінскую і іншыя мовы, на яго вершы напісаны песні. Першы зборнік “Наш дзень” выйшаў у 1951 г., у 1959 з’явіўся зборнік “Сіні ранак”, затым былі зборнікі “Сонечная паводка” (1962), “Мае мерыдыяны” (1965), “Твае далоні” (1967), “Пойма” (выбранае, 1968), “Да людзей ідучы” (1972), “Вярбовы мост” (1974), “Ёсць на свеце мой алень” (1978), “Палёт” (1982), “Яшчэ не скончана дарога” (1983).

27 жніўня 1981 года Аляксея Васільевіча Пысіна не стала.

Імя Аляксея Пысіна прысвоена Палужскай сярэдняй школе Краснапольскага раёна, дзе вучыўся будучы паэт. Пры школе працуе літаратурны музей. У гарадскім пасёлку Краснаполле ёсць вуліца імя Аляксея Васільевіча Пысіна. У горадзе Магілёве на доме, дзе жыў паэт, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Да мерапрыемства супрацоўнікамі навуковай бібліятэкі падрыхтавана выстаўка з уласных фондаў. Месца правядзення: Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАНБ (вул. Сурганава, 15). Кантактны тэлефон: 334-56-21.

Паводле прэс-рэлізу