Вечарына "Планета кахання"

Калі з’яўляецца каханне, то жыццё чалавека набывае новы сэнс, яркія фарбы, з’яўляюцца памкненні да новага і неспазнанага. Закаханы чалавек пачынае верыць, што ў жыцці ёсць штосьці адметнае, выключнае, створанае менавіта для яго. Зусім невыпадкова, што пад уплывам гэтага пачуцця ствараліся і ствараюцца найлепшыя мастацкія творы.

Не стаў выключэннем і класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч: дастаткова згадаць яго знакаміты “Раманс”, усім добра вядомы па першых радках “Зорка Венера ўзышла над зямлёю”. Даследчыкаў і аматараў творчасці паэта, безумоўна, не магло не зацікавіць, хто ж была ў рэальнасці тая дзяўчына, якая здолела так узрушыць сэрца паэта. Ёй аказалася яраслаўская знаёмая Максіма Багдановіча – Ганна Какуева.

24 красавіка Літаратурны музей Максіма Багдановіча з нагоды 125-годдзя музы паэта Ганны Какуевай ладзіць імпрэзу, пад час якой можна будзе даведацца пра рамантычную гісторыю адносін Максіма і Ганны, а таксама пачуць ад гасцей імпрэзы гісторыі аб каханні любімых пісьменнікаў. Для Вас выступяць вядомыя сучасныя беларускія літаратары: Адам Глобус, Альгерд Бахарэвіч, Юля Цімафеева, Уладзь Лянкевіч, Міхаіл Бараноўскі, Георгій Барташ, Аксана Спрынчан, Віка Трэнас, Марыя Мартысевіч.

У гэты вечар  адбудзецца прэзентацыя новага экспаната Літаратурнага музея Максіма Багдановіча – куфра, які належыў Ганне Какуевай.

Пачатак мерапрыемства –  а 18-ай гадзіне па адрасе “Літаратурны музей Максіма Багдановіча”, вул. М. Багдановіча, 7а.