Вечарына “Штурмуйце будучыні аванпосты!”

Уладзімір Дубоўка – адзін з самых таленавітых прадстаўнікоў пакалення 1920-х, паэт і перакладчык, чый унёсак у беларускую літаратуру па сённяшні дзень яшчэ належным чынам не ацэнены. А, між іншым, ён стаяў ля вытокаў унікальнага літаратурнага аб’яднання “Узвышша”, быў эксперыментатарам у галіне паэтычнай формы.

У. Дубоўка – высокаэрудыраваны творца, які пастаянна імкнуўся да самаразвіцця і ўдасканалення. Многія даследчыкі ставяць яго ў першы шэраг паслядоўнікаў Максіма Багдановіча, захапленне творчасцю якога прайшло праз усё жыццё У. Дубоўкі.

Адным з найбольш каштоўных экспанатаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску з’яўляецца арыгінальны “Вянок” 1913 г., які ў свой час належыў Уладзіміру Дубоўку. Убачыць гэты ўнікальны экзэмпляр, а таксама пачуць гісторыю гэтай кнігі і далучыцца да святкавання 115-годдзя яе  ўладальніка запрашаюцца ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча ўсе аматары беларускай літаратуры.

Вечарына і адкрыццё выставы адбудуцца  23-га верасня, а 17-ай гадзіне.

Сярод запрошаных гасцей:

Віктар Жыбуль, Альгерд Бахарэвіч, Андрэй Хадановіч

 

Адрас: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, вул. М. Багдановіча, 7а (тэл. 334-42-69)

Паводле прэс-рэлізу