Вечарына “Якуб Якубоўскі ў беларуска-татарскім культурным адраджэнні”

28 кастрычніка а 16-й гадзіне ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, чытальная зала рэдкіх кніг і рукапісаў, пакой 601) адбудзецца вечарына “Якуб Якубоўскі ў беларуска-татарскім культурным адраджэнні”.

Да імпрэзы прымеркавана прэзентацыя кнігі “Мы з Іманам жывём на зямлі Беларусі: беларускі татарын Якуб Якубоўскі” (аўтары-укладальнікі Іван Драўніцкі і Таццяна Якубоўская) , якая выйшла ў выдавецтве “Тэхналогія” ў 2015 г.

Загалоўкам кнігі абраны першы радок гімна беларускіх татараў, словы якога належаць актыўнаму ўдзельніку адраджэнскага руху беларускіх татараў у 1990-х гадах Якубу Якубоўскаму (1932–1998 гг.):

Мы з Паволжа і Крыма з Іманам прыйшлі

На гасцінныя землі Літвы й Беларусі.

Пад Грунвальдам суровы экзамен здалі

І уланскую службу няслі без прымусу.

Кніга ўтрымлівае ўспаміны пра Якуба Якубоўскага, нарысы пра родныя мясціны, сям’ю, яго асабістыя артыкулы, нататкі, інтэрв’ю. Тэкставыя матэрыялы і фотаздымкі адлюстроўваюць яго прафесійную дзейнасць у рэдакцыі “Беларускай энцыклапедыі” (1967–1992 гг.) як географа і грамадскую працу на ніве беларуска-татарскага адраджэння (1991–1998 гг.)

Да імпрэзы арганізавана выстаўка “Здабыткі Якуба Якубоўскага”, якая адлюстроўвае сферу яго інтарэсаў, асобу гэтага чалавека – грамадзяніна Беларусі, інтэлігента, дзеяча татарскага руху. На ёй прадстаўлены энцыклапедычныя выданні, у падрыхтоўцы якіх прымаў удзел Якуб Якубоўскі, нумары часопіса “Байрам”, галоўным рэдактарам якога ён быў ад пачатку яго заснавання да апошніх дзён свайго жыцця.

На мерапрыемства запрошаны супрацоўнікі Польскага Інстытута ў Мінску, замежных пасольстваў у Рэспубліцы Беларусь, прадстаўнікі розных канфесій, нацыянальных меншасцей Беларусі, а таксама  навукоўцы, сябры, землякі і родныя Якуба Якубоўскага.

 

Кантактныя асобы:

+ 375 17 284 10 03 Аляксандр Сцефановіч, загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі

+ 375 29 850 80 64 Таццяна Якубоўская, кандыдат геолага-мінералагічных навук