Вечарына “Зямны палон душы…”

7 кастрычніка 2015 года а 17.00 гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца мерапрыемства Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, прысвечанае прэзентацыі кнігі “Міхась Стральцоў. Выбраныя творы”.

Кніга пабачыла свет у выдавецтве “Беларуская навука”, серыя “Беларускі кнігазбор” у 2015 годзе. З’яўленне гэтай кнігі радасная навіна не толькі для прыхільнікаў творчасці Міхася Стральцова, але і для ўсіх аматараў прыгожага пісьменства. Асоба пісьменніка прыцягвае да сябе ўвагу і сёння ўменнем ствараць культуру слова культурай пачуццяў. Паэтыка яго твораў і празаічных, і паэтычных пранізана гуманізмам.

Лёс адвёў Міхасю Стральцову ўсяго 50 гадоў жыцця, але  за гэты час ён напісаў творы, якія сталі сапраўдным скарбам нацыянальнай літаратуры. Пісьменнік шматграннага таленту, чые празаічныя і паэтычныя творы і сёння застаюцца нефарматнымі і арыгінальнымі.

Міхась Лявонцьевіч Стральцоў нарадзіўся 14 лютага 1937 годза ў вёсцы Сычын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Працаваў у газеце “Літаратура і мастацтва”, часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Неман”.

Міхась Стральцоў шукаў у свеце гармонію і суладдзе — але пісалася пра вусціш і адзіноту. “Мне хацелася прымірыць вёску і горад у сваёй душы”, — піша аўтар у “Сене на асфальце”, творы, які застанецца ў вечнасці і нават дасць найменне цэламу пакаленню.

Уладзімір Арлоў назваў творцу “высокім патрыцыем нашай літаратуры” і з гэтай думкай нельга не пагадзіцца. У апавяданні «Смаленне вепрука» аўтар піша, як бы пра сябе: “Наіўны, ён хоча перамагчы сапраўднасць. Ён хоча верыць: я засцярогся ад бяды — бо сказаў. Дабро і надзея і тут накрэслілі свой круг.

У мерапрыемстве возьмуць удзел жонка пісьменніка Алена Стральцова, Міхась Скобла, Генадзь Вінярскі, Віктар Карамазаў, Леанід Дранько-Майсюк і інш.

 

Арганізатар мерапрыемства – Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.

Кантактны тэлефон: (017) 334-56-21.