Вечарына да 70-годдзя Васіля Гадулькі

У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча 17 мая а 17-й гадзіне адбудзецца вечарына да 70-гадовага юбілею Васіля Уладзіміравіча Гадулькі (1946 - 1993), выдатнага беларускага паэта, тонкага, прачулага лірыка.

Ён стаў выдомым чытачу толькі пасля смерці, “адкрыў” яго для ўсіх блізкі яго сябар і прызнаны ўжо калега па пяры, журналіст Васіль Сахарчук. Кнігі вершаў Васіля Гадулькі “Голас” (Мінск: Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Литература и искусство”, 2004) і “Па-над сцежкай лёсу” (БЛА “Белавежа”: Беласток, 2016) пабачылі свет, калі аўтара ўжо не было сярод нас.

У імпрэзе бяруць удзел беларускія літаратары, якія спрычыніліся да пасмяротнага выдання кніг вершаў Васіля Гадулькі: Леанід Галубовіч (ён “пераняў” эстафету памяці і клопату пра спадчыну паэта ад В. Сахарчука, калі апошні пайшоў з жыцця, забраў архіў В. Гадулькі і падрыхтаваў да выдання яго вершы) і Галіна Самойла (яна з’яўляецца суаўтарам апошняй кнігі “Па-над сцежкай лёсу”, куды акрамя паэзіі ўвайшла і перапіска паміж двума паэтамі). Галіна была знаёмая з Васілём па пісьменніцкім іслацкім семінары канца 1986 года, завочнае сяброўства паміж імі працягвалася да 1989 года.

Пра цікавыя факты з біяграфіі паэта распавядуць літаратуразнаўцы, якія працуюць над яго літаратурнай спадчынай: Вадзім Корань (ён даследуе творчасць Гадулькі) і Ціхан Чарнякевіч (які з’яўляецца аўтарам артыкулаў пра яго паэзію).

Далучыцца да высокага паэтычнага слова, паслухаць вершы запрашаем усіх цікаўных, аматараў айчыннай літаратуры.

Вечарына адбудзецца па адрасе: вул. Багдановіча, 7а. Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Уваход вольны.

 

Таццяна Будовіч-Барадуля