Вечарына памяці Янкі Сіпакова

15 студзеня 2016 года а 17.00 гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца мерапрыемства Дзяржаўнага музея гісторыі   беларускай  літаратуры “У пошуках цішыні…”, прысвечанае выдатнаму паэту, празаіку, перакладчыку, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі Янку Сіпакову.

Нарадзіўся Іван Данілавіч Сіпакоў 15 студзеня 1936 года ў вёсцы Зубрэвічы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Дэбютаваў вершам у аршанскай раённай газеце “Ленінскі прызыў”. Пасля дзесяцігодкі некаторы час (1954—1955) быў літаратурным супрацоўнікам шклоўскай раённай газеты “Чырвоны барацьбіт”. Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1960). У 1960 годзе выдаў першы зборнік вершаў “Сонечны дождж”. Выступаў у жанры паэзіі і прозы. Маладым пісьменнікам, з пуцёўкай літфонду аб’ехаў як не ўвесь Савецкі Саюз, пабываў у розных краінах свету.

У інтэрв’ю “ЛіМу” Я. Сіпакоў прызнаўся, што нікому ніколі не паказваў тэкст, над якім працаваў. І ні з кім не раіўся. Бо разумеў, “што хтосьці можа неасцярожна скрывіцца, актыўна ўмяшацца ў працэс твайго мыслення (“гэта не так і тое не гэтак”, “а я бы вось так зрабіў”), і ты пачнеш нервавацца, мітусіцца, вагацца: а можа, ён і праўду кажа? Такім чынам пачне разбурацца менавіта тваё мысленне. Твор можна паказваць каму хочаш, аднак толькі тады, калі ён зусім завершаны і калі ўжо на стварэнне яго ніхто не можа паўплываць.”.

Іван Данілавіч ганарыўся, што кожная яго кніга прыходзіла да чытача гэткай “новай незнаёмкай” па змесце і па форме. Як згадваў Зіновій Прыгодзіч: “Я добра ведаю яго творчасць і магу сцвярджаць: ён ні разу не паўтарыўся нават у вершы. І заўсёды ішоў у творчасці, як кажуць, па цаліку, непратаптанымі сцежкамі. Ён, бадай, адзіны беларускі пісьменнік, які выкарыстаў усю палітру, усе жанры мастацкага слова, літаратурных сродкаў”.

На імпрэзе ў вас будзе магчымасць даведацца пра цікавыя факты з жыцця пісьменніка:

›  трагедыю, перажытую ў дзяцінстве;

›  першыя крокі ў сталае жыццё;

›  веру ў чалавечую дабрыню;

›  шматлікія творчыя таленты;

›  вандроўкі і іх творчыя вынікі;

›  шчодры падарунак пісьменніка чытачам.

 

Вы зможаце:

1. пакінуць свае ўражанні аб мерапрыемстве ў “кнізе водгукаў”;

2.  даведацца пра выданне кнігі Янка Сіпакоў:Такое жыццё” ў выдавецве “Чатыры чвэрці”;

3.  пазнаёміцца  з відэапрэзентацыяй “Янка Сіпакоў. У пошуках цішыні…”.

У мерапрыемстве возьмуць удзел: Марыя Захарэвіч, Васіль Зуёнак, Генрых Далідовіч, Зіновій Прыгодзіч, Казімір Камейша, Валянціна Паліканіна, Ліліяна Анцух, знаёмыя, сябры, прыхільнікі творчасці.

Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, вул. М. Багдановіча, 7А.

Кантактны тэлефон: 334-56-21.

Куратар мерапрыемства: загадчык культурна-адукацыйнага аддзела Лідзія Шагойка.