Вечарына "Ісці дарогамі жыцця"

…Ісці дарогамі жыцця, служыць народу,

 працаваць  з народам – у гэтым, па-мойму,

аснова велічы нашай літаратуры, сэнс яе жыцця…

Іван  Мележ

8 лютага 2016 года а 17.00 гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча  адбудзецца мерапрыемства Дзяржаўнага музея гісторыі     беларускай  літаратуры “Ісці   дарогамі  жыцця…”, прысвечанае народнаму  пісьменніку Беларусі, празаіку, драматургу, публіцысту, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі БССР Івану Мележу.

Нарадзіўся  Іван Паўлавіч МЕЛЕЖ 8 лютага 1921 года ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. Менавіта адсюль бяруць выток жыццёвыя і творчыя дарогі пісьменніка. Яшчэ напачатку творчага шляху талент Івана Мележа заўважылі мэтры мастацкага слова. Кузьма Чорны блаславіў маладога пісьменніка на яго шляху ў літаратуру: «Я адчуваю ў Вас талент i жадаю Вам вялікіх поспехаў у літаратуры».

Звыш трыццаці гадоў працаваў Іван Мележ у літаратуры і пакінуў пасля сябе багатую літаратурную спадчыну , гэта  навелы, апавяданні, крытычныя працы, дзённікі, п'есы, раманы. Аднак галоўным вынікам творчасці народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа стала трылогія “Палеская хроніка” - "Людзі на балоце" (1961), "Подых навальніцы" (1965), "Завеі, снежань"(1976), за якую ён быў адзначаны ў 1972 годзе Ленінскай прэміяй. За раман "Людзі на балоце"  пісьменнік атрымаў літаратурную прэмію імя Якуба Коласа (1962). Сам пісьменнік пісаў: Калі я браўся за раман «Людзі на балоце», то не думаў, што атрымаецца нешта добрае, хоць i ўкладаў у яго ўсю душу i сэрца…”. На апошнім творчым вечары, Іван Мележ сказаў: “Я адчуваю, што ўсімі кніжкамі я расказаў адну, можа, сотую ці нават тысячную долю таго, што я перажыў, убачыў і што адчувае маё сэрца...”.

 

На імпрэзе ў вас будзе магчымасць даведацца пра цікавыя факты з жыцця пісьменніка:

›  першыя крокі ў сталае жыццё;

›  адкуль пісьменнік чэрпаў сілы;

›  шматлікія творчыя таленты;

›  вандроўкі і іх творчыя вынікі;

  як пісьменнік змагаўся за жыццё на фронце;

› супрацоўніцтва пісьменніка з тэатрам.

 

Вы зможаце:

  пакінуць свае ўражанні аб мерапрыемстве ў “кнізе водгукаў”;

  натхніцца ўрыўкамі з твораў  пісьменніка;

  сустрэцца са знакамітымі пісьменнікамі, літаратуразнаўцамі і акцёрамі Беларусі;

  пачуць любімую песню пісьменніка “У канцы грэблі шумяць вербы”;

  пазнаёміцца з відэапрэзентацыяй “Іван Мележ. Ісці дарогамі жыцця…”.


У дзень нараджэння класіка пра яго згадваюць родныя, тыя, хто блізка ведаў пісьменніка, любіў яго, а таксама сябры, прыхільнікі творчасці. У мерапрыемстве возьмуць удзел: Марыя Захарэвіч, Ала Доўгая, Кастусь Цвірка, Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Генрых Далідовіч і іншыя. 

 

Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, вул. М. Багдановіча, 7 “а”.

Кантактны тэлефон: 334-56-21.

Куратар мерапрыемства: малодшы навуковы супрацоўнік Алена Канапацкая.