Вершы «ідалапаклонніцы» Пасвятоўскай

pasviatouska-halina-idalapaklonnica-VOKL

25 мая ў бібліятэцы № 14 імя Ф. Багушэвіча (вул. Прытыцкага 42) адбудзецца прэзентацыя тома выбраных вершаў “Ідалапаклонніца” польскай паэткі Галіны Пасвятоўскай у перакладзе на беларускую мову.

Пра аўтара:

Яе называлі “польскай Сафо”, але яна вельмі крытычна ставілася да сваіх вершаў, выйшла замуж у 18 гадоў, каб заўдавець у 20, сябравала з Віславай Шымборскай і мела раман з Ежы Касінскім, не шкадавала свайго хворага сэрца, але не хацела жыць напалову, яна кахала і не баялася смерці, а памерла ў 32 гады з імем каханага на вуснах. Легендарная і трагічная, “выклятая паэтка” Галіна Пасвятоўска.

Па-філасофску складаная інтымная лірыка Галіны Пасвятоўскай заўсёды на мяжы кахання і смерці. Дзве гэтыя тэмы сталі асноўнымі ў ейнай творчасці. Хворая на сэрца паэтка ўсё жыццё была вымушана знаходзіцца ў лякарнях і санаторыях. Яна, як ніхто іншы, ведала, што кожны радок, які выходзіць з-пад пяра, можа стацца апошнім. Нельга, напэўна, знайсці аўтарку, якая б з такой адкрытасцю і шчырасцю дзялілася з чытачом самым патаемным і сукрытым. Станіслаў Граховяк вызначыў яе творчасць як “феномен аўтэнтычнага эратызму”. Такая цялесная і пачуццёвая паэзія не пакіне абыякавымі аматараў прыгожага.

Пра перакладчыка:

Алесь Емяльянаў-Шыловіч — пісьменнік, перакладчык. Пераможца шматлікіх літаратурных конкурсаў, у тым ліку конкурса на найлепшы пераклад паэзіі Віславы Шымборскай на беларускую мову. Аўтар зборніка вершаў ”Парасонечнасць”. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра.

Пачатак мерапрыемства — 17:00. вул. Прытыцкага 42, бібліятэка №14 імя Ф. Багушэвіча.

Уваход вольны