Выстава “Голасам свайго пакалення” ў Нясвіжы

28 красавіка спаўняецца 70 гадоў з дня заснаваня Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Да гэтай даты Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры сумесна з бібліятэкай створана выстава “Голасам свайго пакалення”, прэзентацыя якой адбудзецца а 13-й гадзіне.

Павел Кузьміч Прануза – паэт, які прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну ад першага ее дня да апошняга. Але такое жудаснае жыццёвае выпрабаванне не зламіла яго. Пісьменнік застаўся па-сапраўднаму шчырым, аптымістычным і светлым, як і ўся яго паэтычная творчасць, насычаная незвычайнай цеплынёй, любоўю і патрыятызмам.

П. Прануза – аўтар больш чым 20 зборнікаў. Вялікая колькасць твораў у іх прысвечана любімаму гораду Нясвіжу, у якім ён жыў і працаваў большую частку свайго жыцця. За сваю плённую дзейнасць у гэтым самабытным гістарычным куточку пісьменніку прысвоена званне “Ганаровага грамадзяніна г. Нясвіжа”. Таму наданне імя Паўлюка Пранузы Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы невыпадковае.

На сумеснай выставе ў наведвальніка будзе магчымасць пазнаёміцца з асобай Паўлюка Кузьміча Пранузы праз музейныя прадметы. Рукапісы, кнігі, фотаздымкі, асабістыя рэчы – ўсё гэта раскажа пра паэта не толькі , як пра творцу, але  і як пра сапраўднага чалавека, чулага настаўніка, грамадзяніна сваёй краіны.

 

Месца правядзення: г. Нясвіж, вул. Беларуская, 5.

Кантактныя тэлефоны: (017) 335-44-47, 334-57-18.

Паводле прэс-рэліза