Выступ Вольгі Гапеевай і Улада Бубена “Асінхроннае плаванне”

Творчасць часта вымагае ад чалавека шматфункцыйнасці, што нярэдка прыводзіць да праблем з ідэнтычнасцю, калі цяжка зразумець, хто ты ці кім ты ёсць. Паэзія і лінгвістыка працуюць з мовай, але ці дазваляе адна бесклапотна існаваць іншай? Асінхроннасць дзеянняў, думак, мараў, разумення сябе і наваколля – крыніца творчасці ці ўнутранага разладу? Такія пытанні падымаюцца ў перформансе “Асінхроннае плаванне”.

Галерэя TUT.BY, Мінск, пр-т Дзяржынскага, 57, 9-ы паверх (ст.м. Міхалова, БЦ Omega Tower).

22 траўня (пятніца), 19.00. Уваход вольны

 

Вольга Гапеева (Volha Hapeyeva) – паэтка, перакладчыца, даследчыца. Аўтарка сямі кніг. Стыпендыятка праграм у Нямеччыне, Аўстрыі і Латвіі. Ейныя творы перакладзеныя на нямецкую, англійскую, польскую, македонскую, чэшскую, літоўскую і латышскую мовы. Удзельніца шматлікіх міжнародных паэтычных фестываляў. Мае ступень кандыдата навук, займаецца праблемамі лінгвістыкі, філасофіі мовы, тэорыі і практыкі перакладу, сацыялогіі цялеснасці, даследуе гендарную праблематыку ў мове і літаратуры. Супрацоўнічае з электроннымі музыкамі. Выступае з паэтычнымі пэрфомансамі.

Улад Бубен – заснавальнік шэрагу музычных плыняў і «бацька» беларускай электроннай сцэны. Стваральнік ТВ-шоў для Беларускага MTV і шэрагу радыё-праектаў, прысвечаных электроннай музыцы. Працы Бубна выдаваліся на 58 лэйблах па ўсім свеце, жывыя выступы адбыліся ў Нямеччыне, Галандыі, Швецыі, Бельгіі, Польшчы, Расіі, Венгрыі, Аўстрыі і іншых краінах. Вядомы таксама, як альтэрнатыўны івэнт-прадусар, Улад працуе ў шырокім дыяпазоне жанраў — ад дыска і тэхна да брэйк-кору і індастрыэла.

Далучыцца да падзеі ў Facebook

Паводле прэс-рэлізу