“Я сеяў іскры сэрца поўнай жменяй…”

21 красавіка 2016 года а 17-ай гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца адкрыццё выставы “Я сеяў іскры сэрца поўнай жменяй…”, прысвечанай 130-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка, публіцыста і грамадскага дзеяча Змітрака Бядулі (Самуіла Яфімавіча Плаўніка).

Змітрок Бядуля ўвайшоў у беларускую літаратуру як “пісьменнік з душой чулай і паэтычнай”, які тонка адчуваў хараство, быў здольны дасканала перадаць ва ўсёй красе і шматстайнасці дзівосны свет роднай прыроды, дзіцячых мараў, чалавечай душы.

Змітрок Бядуля – аўтар шматлікіх вершаў, лірычных абразкоў, апавяданняў і аповесцяў, многія з якіх сталі хрэстаматыйнымі для беларускай літаратуры («Пяць лыжак заціркі», «Малыя дрывасекі», «На Каляды к сыну», «Вялікодныя яйкі», «Летапісцы»). У іх прасочваюцца характэрныя для аўтара матывы творчасці – эмацыянальнае захапленне прыгажосцю роднага краю, паэтызацыя вясковага побыту, асуджэнне сацыяльнай несправядлівасці. Творы Бядулі кранаюць прыгажосцю метафар, маляўнічасцю, вобразнасцю, але ў той жа час прымушаюць кожнага задумацца над чалавечай сутнасцю. У адносінах да сваіх герояў Зм. Бядуля быў глыбокім псіхолагам, умеў завастрыць увагу на ўнутраным свеце чалавека, напоўненым шчырымі непаўторнымі душэўнымі пачуццямі.

На старонках сваіх кніг Змітрок Бядуля стварыў выключныя па мастацкай дасканаласці карціны беларускай прыроды, з якой ён звязаны быў душой і сэрцам: дзякуючы музычнасці, багаццю і сакавітасці мовы прырода пад яго пяром паўстае жывой, зменлівай, гожай, іграе ў безлічы яркіх арыгінальных метафар.

Змітрок Бядуля шмат увагі надаваў творам для дзяцей. Яго казка «Качачка-цацачка», паэма-казка "Мурашка Палашка", вершаваная аповесць "Хлопчык з-пад Гродна", аповесць-казка "Сярэбраная табакерка" сведчаць пра добрае разуменне пісьменнікам дзіцячай псіхалогіі, здольнасць пісаць пра дзяцей і для дзяцей займальна і даходліва.

На выставе да 130-годдзя Змітрака Бядулі будуць прадстаўлены матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка наведвальнік зможа прасачыць праз шэраг фотаздымкаў, эпісталярыяў, прыжыццёвых выданняў, дакументальных сведчанняў актыўнай грамадскай дзейнасці Змітрака Бядулі.

На адкрыцці выставы будуць прысутнічаць даследчыкі і аматары творчасці пісьменніка, яго родныя.

Паводле прэс-рэлізу