Якуб Колас у перакладах Веры Рыч

25 красавіка а 16-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца літаратурна-музычная імпрэза «Якуб Колас у перакладах Веры Рыч».

Вера Рыч (1936—2009) — вядомая брытанская перакладчыца твораў беларускіх і ўкраінскіх паэтаў на англійскую мову, журналістка, аўтар шматлікіх публікацый на гістарычную, літаратуразнаўчую, навуковую тэматыку.

Яе першы пераклад на англійскую з беларускай мовы быў надрукаваны ў мюнхенскай газеце «Бацькаўшчына» ў 1957 годзе. В.Рыч пераклала Купалу, Коласа, Арсенневу, Багдановіча, Гаруна, Цётку, Геніюш, Бядулю, Крапіву, Іпатаву, Гілевіча ды іншых.

Яна нарадзілася 24 красавіка 1936 года ў Лондане. У 1960 годзе выйшаў яе першы зборнік паэзіі «Outlines» («Абрысы»).

У 1963 годзе выйшаў яе другі зборнік вершаў «Portents and Images» («Знакі й вобразы»). У 1969 годзе часопіс «Nature» прапанаваў Веры Рыч працаваць карэспандэнтам па Ўсходняй Еўропе ды СССР. У Беларусь яна трапіла толькі ў 1991 годзе.

Адрас музея: Мінск, вул. Акадэмічная, 3 (ст. метро «Акадэмія навук»)